«Людзям патрэбна праца прафесіяналаў». Ціханоўская адрэагавала на словы Лукашэнкі прыцягнуць палітвязняў да ліквідацыі завалаў
21.07.2024 / 14:49
19 ліпеня на нарадзе па наступствам урагану Аляксандр Лукашэнка прапанаваў накіраваць на расчыстку завалаў палітвязняў. Святлана Ціханоўская адрэагавала на гэтыя словы. «Рэжым зноў паказаў, што здольны толькі на рэпрэсіі, а не на дапамогу грамадзянам», — сказала яна.
Яна сказала, што не перастае дзівіцца, як беларусы годна і з гумарам пераадольваеюць усе праблемы і цяжкасці.
— Захапляюся, таму што вы адолелі шторм лепш, чым гэта рабіла дзяржава. У час, калі ад улады патрэбныя максімальныя намаганні, каб ліквідаваць наступствы патопу, беларусы зразумелі зноўку, у які ўжо раз, што нам даводзіцца спадзявацца толькі адно на аднаго.
А тое, што рэжым не змог аператыўна зрэагаваць і забяспечыць усім неабходным тых, хто пацярпеў, — відавочны доказ праблемы, пра якую ўлады маўчаць. Гэта недахоп кваліфікаваных кадраў і паслядоўны адʼезд людзей з краіны. Гэта праблема, якая рана ці позна пачынае адбівацца на ўсіх сферах жыцця краіны. І ў тым ліку на ўстойлівасці інфраструктуры. Рэжыму куды прасцей абвінаваціць ва ўсім беларусаў. У любой складанай сітуацыі.
Але беларусы проста хочуць, каб дзяржава выконвала свае абавязкі.
Людзям не трэба, каб завалы расчышчалі палітвязні. Ім патрэбна праца адпаведных службаў і прафесіяналаў.
Але рэжым зноў паказаў, што здольны толькі на рэпрэсіі, а не на дапамогу грамадзянам.
Дарагія, калі ласка, беражыце сябе і родных, працягвайце падтрымліваць тых, хто побач. Абʼядноўвайцеся, каб дапамагчы тым, хто моцна пацярпеў ад стыхіі. Наша яднанне і ўзаемападтрымка — гэта тое, што не зможа разбурыць ні адна стыхія», — сказала Ціханоўская.
19 ліпеня Аляксандр Лукашэнка праводзіў селектарную нараду наконт ліквідацыі наступстваў урагану. Там ён заявіў пра неабходнасць прыцягнення палітзняволеных да ліквідацыі наступстваў непагадзі: «У нас больш за 20 тыс. сядзельцаў і так званых палітвязняў. Туды, на просеку, дапамажыце краіне».
Чытайце таксама:
Круты: Бог паслаў ураган, каб прэзідэнт парадаваўся, што створаная ім сістэма выстаяла
Замест СМС — выццё сірэн. МНС хоча памяняць сістэму апавяшчэння падчас непагадзі
Круты выказаў спачуванні родным загінулых падчас урагану. Але не Лукашэнка