Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання
Перажыванні мільярдэра з радасцю падхапіла расійская прапаганда.
Ілан Маск і яго старэйшае дзіця Вівіян Уілсан. Фота: Wikimedia Commons, Telegram
Мільярдэр Ілан Маск у інтэрв'ю выданню Daily Wire зрабіў гучную заяву. Па словах мужчыны, яго сын Ксаўе «забіты вірусам ваўкізму» (абуджэнне — англ. wokeism — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў значэнні «ўсвядоміць сябе як асобу, у якой ёсць правы»).
Старэйшы сын Маска Ксаўе адчуваў сябе жанчынай. І ў чэрвені 2020 года, пасля таго як яму споўнілася 18 гадоў, ён падаў дакументы на змену імені. Ён узяў сабе жаночае імя і дзявочае прозвішча маці, стаўшы Вівіян Уілсан (Vivian Wilson). Таксама старэйшае дзіця мільярдэра заявіла, што не хоча мець ніякіх сувязей з біялагічным бацькам.
Маск заявіў, што яго, па сутнасці, падманам прымусілі падпісаць дакументы з дазволам на прыём яго старэйшым сынам блакатараў палавога выспявання, аргументуючы гэта тым, што ў адваротным выпадку ўсё можа скончыцца самагубствам.
Па словах Маска, калі ён даваў згоду на тэрапію сына, яму не патлумачылі, што лекі, па сутнасці, уяўляюць сабой «прэпарат для стэрылізацыі».
Мільярдэр падкрэсліў, што пасля гісторыі з сынам «пакляўся знішчыць вірус ваўкізму», а людзі, якія гэта здзейснілі з яго сынам, «павінны сесці ў турму».
Расійская прапаганда, для якой ЛГБТ гэта як яўрэі для нацыстаў, радасна ўхапілася за выказванні Маска.
Спачуванні Маску выказала і Вольга Бондарава, якая чарговы раз накінулася на «мінкульты і прадзюсерскія цэнтры», якія «праз тыктокі, ютубы, інстаграмы» «уліваюць атруту ЛГБТ і прапаганды наркотыкаў» у душы дзецям.
У Ілана Маска, які вядзе экстравагантны лад жыцця, 12 дзяцей ад трох розных жанчын. Адно з іх памерла ў маленстве.