20-гадовага хлопца са зборнай па судамадэльным спорце асудзілі за «заклікі да санкцыяў». Пагражала да 12 гадоў
3.08.2024 / 9:0
Асудзілі Аляксея Мазуку больш за два тыдні таму, але яго асоба стала вядомая толькі цяпер.
Аляксей Мазука. Фота з ягонага фэйсбуку
Аляксею Мазука 20 гадоў. Ён мінчук. Раней хлопец захапляўся судамадэльным спортам і нават быў у рэзерве беларускай зборнай Беларусі. Таксама ён слухаў панк-рок і цікавіўся эстэтыкай гэтай субкультуры.
Дата затрымання хлопца невядомая, але адбылося гэта, хутчэй за ўсё, у 2024-м годзе.
Суд над Аляксеем адбыўся 15 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе. Яго вінавацілі ў «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК). Імаверна, справа ў яго каментарах у тэлеграме, а акаўнт Аляксея быў зусім неабаронены і прывязаны да ўласнага нумара. Хлопцу пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі. Прысуд невядомы.
Судзіла Мазуку суддзя Алена Ананіч, якая раней асудзіла шмат вядомых палітвязняў на вялікія тэрміны. Адна з апошніх пацярпелых ад яе дзеянняў — настаўніца 23-й гімназіі Дар'я Хмяльніцкая, якая атрымала пяць з паловай гадоў зняволення за данаты.
Чытайце таксама:
Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?
Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць