БЕЛ Ł РУС

«Не апісаць жаху, які я перажыла ў аэрапорце». Беларусы расказалі, як важна бывае заглядаць ва ўласны пашпарт

8.08.2024 / 18:40

Nashaniva.com

Чытачка выдання «Анлайнер» падзялілася непрыемнай гісторыяй, якая азмрочыла ёй адпачынак у Турцыі. Ужо на стойцы рэгістрацыі ў аэрапорце аказалася, што яна збіраецца паляцець дадому з чужым пашпартам. Далей пайшоў сапраўдны квэст па дастаўцы патрэбнага дакумента да трапа самалёта.

«Хачу падзяліцца кашмарам, які я перажыла ў апошні дзень нашага падарожжа. 28 ліпеня мая сям'я прыбыла ў гатэль у Турцыі. Пры сустрэчы гід забраў у мяне пашпарт і ваўчар (і так зрабіў з усімі прыбылымі), а ўвечары — вярнуў», — расказала Таццяна, жыхарка Ганцавічаў.

Праз 7 дзён бесклапотнага адпачынку прыйшоў час вяртацца дадому. І якім жа было здзіўленне Таццяны, калі ў аэрапорце высветлілася, што гід аддаў ёй чужы пашпарт.

«Мая сям'я (муж і дзіця) пайшлі на пасадку, а я была вымушаная застацца ў зоне рэгістрацыі. Хачу падзякаваць супрацоўнікам кампаніі Adriyatik Aviatio, якія заняліся маёй праблемай у аэрапорце. Яны аператыўна стэлефанаваліся з прадстаўнікамі гатэля і дамовіліся з таксістам, каб ён хутка даставіў мой пашпарт у аэрапорт. Пры гэтым трэба было яшчэ знайсці тую дзяўчыну, якой аддалі мой пашпарт. А яна магла быць дзе заўгодна: на моры або экскурсіі», — успамінае той дзень чытачка.

Пашпарт у выніку знайшоўся, а таксіст давёз яго да аэрапорта за паўтары гадзіны (хоць звычайна дарога займае 2,5). Абышлася гэтая VIP-паслуга Таццяне ў $150. Ацаніць у грошах, колькі было выдаткавана нерваў, чытачка не бярэцца.

«Добра, што наш рэйс на Мінск затрымалі на гадзіну. За пяць хвілін да ўзлёту я подбегам прайшла ўсе этапы кантролю і, на шчасце, паспела. Але жудасныя ўспаміны мяне пераследуюць дагэтуль. Я гатовая была нават купіць новы квіток на Мінск, але варыянтаў на найбліжэйшыя суткі не было. Я проста стаяла каля тэрмінала і спадзявалася».

У беларускі няма прэтэнзій да прадстаўнікоў турфірмы. Сваёй гісторыяй яна падзялілася, каб лішні раз нагадаць іншым турыстам пра тое, як важна пераправяраць дакументы перад паездкай у аэрапорт.

«На пашпартным кантролі даведаўся, што выпадкова памяняў прозвішча»

Журналісты папрасілі іншых чытачоў падзяліцца сваімі непрыемнымі кейсамі ў паездках. І вось якую гісторыю ім расказаў Максім. Ён папярэдзіў, што прозвішчы на ўсялякі выпадак змяніў, але ў астатнім усё адбывалася менавіта так.

«У 2009 годзе мы распісаліся з маёй жонкай Насцяй і ў якасці вясельнага падарожжа выбралі тур у Егіпет. З мэтай эканоміі вырашылі ляцець праз Маскву, паколькі на тыя часы эканомія па квітках была адчувальная. Я, як чалавек, які заўсёды ўсё рыхтуе загадзя і па спісе, не мог выпусціць з-пад увагі такія важныя дакументы, як пашпарты, усе рэчы былі сабраныя загадзя.

Прыехалі мы ў Дамадзедава і рушылі да стойкі праверкі пашпартоў. Жонка прайшла першая без замінак, а калі я аддаў пашпарт на праверку, адбылася значная паўза. Памежнік некалькі разоў спытаў, якое ў мяне прозвішча, а потым паклікаў калегу, і яны пачалі нешта бурна абмяркоўваць. Аказалася, што на старонцы, дзе ідзе адзнака загса, першапачаткова маім прозвішчам было пазначана Іваноў, а ўжо пасля заключэння шлюбу — Пятроў. Для разумення: Пятрова — гэта дзявочае прозвішча мой жонкі.

Адзнаку аб змене прозвішча ЗАГС павінен быў паставіць у пашпарт жонкі, дзе яна была Пятровай, а стала Івановай, але замест гэтага памяняў прозвішча мне, прысвоіўшы прозвішча жонкі. Сітуацыя непрыемная. Жонка паказала свой пашпарт: у яе ўсё добра, яна цяпер з маім прозвішчам, А я некалькі хвілін таму даведаўся, што прозвішча змяніў.

Цяпер гэта ўспамінаецца лёгка, як прыгода, але тады, на стойцы пашпартнага кантролю, было не да жартаў. Памежнік выдаў вердыкт: едзьце ў ЗАГС, і хай выпраўляюць памылку. Як? Куды? Мы ж з іншай краіны, у нас вылет цяпер, квіткі, бронь… Да вылету заставалася хвілін з 40.

Я папрасіў паклікаць старшага па званні, хто змог бы ўзяць на сябе адказнасць і прыняць больш справядлівае, можа і не зусім правільнае з пункту гледжання закона рашэнне. І такое рашэнне было прынята. Нас прапусцілі — з пажаданнем, што па прылёце дадому трэба тэрмінова падаць заяву на замену подпісу аб змене прозвішча».

Чытайце таксама:

«Дабрыня незнаёмцаў заўсёды ўражвае». Беларусы расказалі гісторыі, калі ім на дапамогу прыйшлі зусім чужыя людзі

Венгрыя? Італія? Ці Грэцыя? Дзе можна хутка і лёгка аформіць шэнгенскую візу

«Мая даўняя мара — жыць у Іспаніі — аказалася расчараваннем». Салігарчанка тры гады пажыла ў Алікантэ і вярнулася ў Беларусь

Каментары да артыкула