«Белпол» назваў імаверную дату прэзідэнцкіх выбараў 2025 года
«Белпол» спасылаецца на «надзейныя крыніцы ўнутры Беларусі».
Паводле інфармацыі «Белпол», лукашэнкаўцы прынялі рашэнне правесці прэзідэнцкія выбары 23 лютага 2025 года.
Падрабязныя планы «выбарчай кампаніі» ўжо распрацаваныя, у пачатку жніўня 2024 года ва ўсіх аблвыканкамах Беларусі прайшла іх «абарона, прычым мерапрыемствы былі зашыфраваныя пад падрыхтоўку да новага навучальнага года», — пішуць былыя сілавікі.
Паводле Цэнтрвыбаркама, прэзідэнцкія выбары павінны прайсці да 20 ліпеня 2025 года.
23 лютага — апошняя нядзеля зімы. Парламенцкія і мясцовыя выбары цяпер адбываюцца ў Беларусі менавіта ў гэты дзень. Чаму абралі менавіта канец зімы?
Адна з магчымых матывацый улады ў тым, што ўзімку складаней арганізоўваць пратэсты. А зборшчыкі подпісаў (хоць за кандыдата ў дэпутаты, хоць за кандыдата ў прэзідэнты) будуць вымушаныя хадзіць па кватэрах фактычна ў навагоднія святы, што дадаткова ўскладняе іх працу.