Хапун кіраўніцтва Саюза палякаў
дадаўся фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з Валожына
Затрыманыя Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Мечыслаў Яскевіч — усяго 40 чалавек, а таксама Анатоль Лябедзька. Яны ехалі ў Валожын на судовы працэс наконт Польскага дома ў Івянцы.
Сёння ў раённым судзе ў Валожыне адбыўся разгляд пазову афіцыйнага Саюзу палякаў, сядзіба якога месціцца ў Гродне, да дзяячкі польскага руху з Івянца Тарэсы Собаль. Суд Валожынскага раёну адправіў справу супраць Тэрэсы Собаль на перагляд. Спадарыня Собаль падтрымлівае непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У афіцыйным Саюзе лічаць, што Тарэса Собаль своечасова не вызваліла Дом польскі ў Івянцы, сёння на будынак накладзены судом арышт і ён апячатаны. Тым часам зранку былі затрыманыя Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Мечыслаў Яскевіч — усяго 40 чалавек, а таксама Анатоль Лябедзька. Яны ехалі ў Валожын на судовы працэс наконт Польскага дома ў Івянцы. Прапануем вашай увазе онлайн-рэпартаж з месца падзей.
Пад'ехаць да будынку суда было немагчыма.
Уваход у суд ахоўвалі міліцыянты.
Ірэну Валюсь цягнуць у пастарунак.
Ірэну Валюсь дацягнулі.
Тарэсу Собаль сустракалі з суду гучным «Сто лят!».
Міліцыянт пагражае прысутным адказнасцю за несанкцыянаваны мітынг.
Людзі ў масках камунальшчыкаў уважліва сачылі за падзеямі ля будынка і аператыўна дакладвалі абстаноўку.
Кантраляваць палякаў прыехалі і сталічныя міліцыянты - начальнік упраўлення правапарадку МУС Аляксандр Барсукоў (справа). Учора яны разганялі маладафронтаўскую акцыю.
Анжаліцы Борыс далі 1 млн 50 тыс. штрафу (30 базавых велічыняў), Андрэй Пачобут арыштаваны на 5 сутак. Ірэну Валюсь абвінавачваюць у чыненні перашкод супрацоўнікам міліцыі. На яе быў складзены пратакол, пасля чаго рэдактарку газеты СПБ «Głos znad Niemna na uchodźstwie» адпусцілі.
13:04
Ірэну Валюсь не выпусцілі, але людзі пачалі разыходзіцца. Тым часам асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар абвясціў галадоўку.
12:38
Суд скончыўся, а справу адправілі на перагляд, паколькі адвакат Тарэсы Собаль Аляксандр Галіеў прадставіў дакументы, што апісванне маёмасці прайшло няправільна.
Людзі, што сабраліся вакол суда, пакуль не разыходзяцца, яны патрабуюць вызваліць затрыманую і збітую рэдактарку газеты «Głos znad Niemna na uchodźstwie» Ірэну Валюсь.
Міліцыя папярэджвае, што калі людзі не разыдуцца, то будзе ўжыта сіла.
12:21
Ірэна Валюсь — галоўны рэдактар газеты СПБ «Głos znad Niemna na uchodźstwie» паспрабавала прайсці ў суд, але міліцыянты яе брутальна павалілі і павалаклі ў будынак. Тым часам з суда выходзяць сведкі абвінавачвання. Людзі ім скандуюць «Ганьба!»
12:03
Зараз судзяць астатніх чальцоў кіраўніцтва неафіцыйнага СПБ.
11:27
Перад дзвярыма суда стаяць крэпкія мардавароты і нікога з сяброў непрызнаванага ўладамі СПБ — а іх у Валожын прарвалася 30 чалавек — у суд не пускаюць. Прапусцілі толькі адвакатку.
Міліцыя кажа, што не пускаюць таму, бо «вучэнні ідуць», пускаць будуць толькі з позвай. Але пускаць будуць толькі сведкаў з боку абвінавачвання. Той жа Пачобут меўся ўзяць удзел у судзе як сведка з боку абароны, але яго затрымалі па дарозе ў Валожын.
Пад дзвярыма суда стаяць каля 30 чалавек — усе прадстаўнікі неафіцыйнага Саюза палякаў, нікога з афіцыйнага няма. Людзі кажуць, што будуць стаяць пакуль не выпусцяць Тарэсу Собаль.
Затрыманы Анатоль Лябедзька. Ён фатаграфаваў на мабільнік дзеянні міліцыянтаў. Цяпер палітык знаходзіцца ў Валожынскім РАУСе.
Апроч таго, два трактары сабралі ўвесь снег на плошчу перад будынкам суда, і машынамі да яго не пад’ехаць.
* * *
У Валожын меліся прыехаць сябры неафіцыйнага Саюза палякаў, каб падтрымаць Тарэсу Собаль, але зараз горад блакаваны міліцыяй, якая ставіць на мэце не дапусціць удзелу ў судовым пасяджэнні сяброў неафіцыйнага СПБ.
На пад’ездзе да горада было затрыманае амаль усё кіраўніцтва неафіцыйнага СПБ. У прыватнасці, затрымана лідэрка СПБ Анжаліка Борыс. Яе прымусілі выключыць мабільны тэлефон і цяпер вязуць у Валожынскі РУУС.
У Гродне раней былі затрыманы прэс‑сакратар непрызнаванага СПБ Ігар Банцар, а па дарозе у Валожын — Мечыслаў Яскевіч і Андрэй Пачобут. Усяго ў апорны пункт каля Валожына даставілі 40 чалавек.
Андрэй Пачобут перасеў у іншую машыну, што праязджала міма. Але ў раёне Іўя другую машыну таксама спынілі. Міліцыянты сказалі, што Пачобут нагадвае ім чалавека, які здзейсніў разбойны напад. Цяпер яго вязуць назад у Гродна.