БЕЛ Ł РУС

Прызначылі новага мастацкага кіраўніка тэатра імя Якуба Коласа. На гэта спатрэбілася больш за два гады

11.09.2024 / 18:46

Nashaniva.com

11 верасня дырэктарка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Юлія Харкевіч прадставіла калектыву новага мастацкага кіраўніка — Канстанціна Ганчарова, паведаміла Міністэрства культуры.

Канстанцін Ганчароў

Паведамляецца, што ў 2008 годзе Канстанцін Ганчароў закончыў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў, у 2016 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Пасля ён працаваў у розных установах культуры і адукацыі, браў актыўны ўдзел у віцебскім гарадскім конкурсе «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», арганізатарам якога з’яўляецца тэатр імя Якуба Коласа.

З 2022 года Ганчароў працаваў у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў выкладчыкам цыклавой камісіі рэжысуры і майстэрства акцёра.

У 2023 годзе Канстанцін Ганчароў паставіў на вялікай сцэне тэатра імя Якуба Коласа драму «Выбар» па п’есе Аляксея Дударава, у 2024-м — ваенную драму «Сотнікаў» паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Гэта фактычна і ўвесь ягоны стаж у якасці тэатральнага рэжысёра.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, як і іншыя ўстановы культуры, не пазбег пасля 2020 года рэпрэсій і чыстак. Гучнай справай была забарона спектакля «Ціль», які ставіў сам тагачасны мастацкі кіраўнік установы Міхаіл Краснабаеў. Фактычна праз тыдзень пасля прэм’еры, якая адбылася 1 снежня 2020 года, быў звольнены дырэктар тэатра Аляксандр Старых, а ў пачатку наступнага года — акцёры Юлія Крашэўская і Арцём Герак. Калі ў красавіку 2022 года скончыўся працоўны кантракт з Міхаілам Краснабаевым, яго таксама не працягнулі. З таго часу пасада мастацкага кіраўніка тэатра была вакантнай, і толькі цяпер яе заняў Канстанцін Ганчароў.

Спектакль «Ціль» не ўпадабала высокае начальства за тое, што са сцэны ў ім прагучалі словы «Жыве Фландрыя!», а ў якасці дэталяў касцюмаў былі выкарыстаныя белыя і чырвоныя стужкі.

Чытайце таксама:

Рускі тэатр у Мінску зробяць больш маўрытанскім

Памерла актрыса Наталля Суворава

Няфёдава расказала, што плануюць паставіць на сцэне Купалаўскага тэатра

«Здарыўся пацешны момант». Акцёр Алег Гарбуз згадаў, як яго выклікалі ў КДБ

Каментары да артыкула