З-за змены клімату ў Беларусі засыхаюць сосны і елкі
Супрацоўнік Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кавалевіч расказаў sb.by, як клімат уплывае на змяненне лясоў у нашай краіне. Па словах спецыяліста, пачынаючы з 2017 года, сасновыя лясы пачалі масава засыхаць.
«Пацяпленне клімату прывяло да ўзмацнення агрэсіўнасці караедаў, з'яўлення новых інвазіўных відаў шкоднікаў і хвароб», — падкрэсліў навуковец.
Кавалевіч звярнуў увагу, што ў асноўным пацярпелі паўднёвыя раёны. Спецыялістам удалося ліквідаваць успышку, аднак не абышлося без страт. Цяпер жа доля сасновых лясоў у параўнанні з сярэдзінай XX стагоддзя зменшылася з 58% да 48%.
Навуковец дадаў, што караед-тыпограф, які з'яўляецца прадстаўніком віду, падобнага да сасновых шкоднікаў, у апошнія дзесяцігоддзі сур'ёзна накінуўся на елку. Гэта прывяло да ўсыхання дрэва на поўдні Беларусі, пачалася так званая міграцыя на поўнач, за Мінск.
Але ёсць і прагрэс у барацьбе з ім. Паводле слоў Кавалевіча, да 2025 года павінны адбыцца дзяржаўныя выпрабаванні распрацаванага ў Інстытуце лесу біяпрэпарата, які закліканы кантраляваць папуляцыю казуркі.
Акрамя елак і соснаў, гаворыць навуковец, варта надаваць больш увагі дубу.
«Мы мала яго садзім, аб'ёмы трэба нарошчваць, у тым ліку і за кошт рэканструкцыі — у нас шмат плошчаў, занятых мяккалісцевымі дрэвамі. Стратэгію аднаўлення дуброў перадалі ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Прапаноўвалі і стварыць комплекс па вырошчванні дуба з закрытай каранёвай сістэмай. На гэтае дрэва трэба рабіць стаўку», — лічыць ён.
Чытайце таксама:
Пад Лідай спілавалі 300-гадовую сасну. Яна была жывая і здаровая
Якую экасцежку ў Беларусі абраць для падарожжа выхаднога дня?
Найлепшыя — светлыя і смаляністыя. Як і навошта збіраюць ураджай з яловых плантацый