Беларуская мастачка з 12-гадовым сынам на эміграцыі трапіла ў бяду
Беларуская рада культуры абвясціла Тыдзень салідарнасці з мастачкай Нінай Маргаевай.
Усе данаты, якія паступяць у БРК цягам гэтага тыдня, яны перададуць Ніне.
Спадарыня Ніна Маргаева трапіла ў цяжкую сітуацыю, звязаную з нечаканай хваробай. Два гады таму яна з 12-гадовым сынам Міронам была вымушаная выехаць з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымала статус дадатковай абароны.
У студзені 2023 года ў Варшаве ў Ніны дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС). На дадзены момант гэтая хвароба з'яўляецца невылечнай.
«Я здымаю кватэру, утрымліваю сына і пакрываю ўсе выдаткі на лячэнне. У цяперашні час мой фізічны стан значна пагоршыўся (не магу рухацца без падтрымкі, рукі амаль не дзейнічаюць, худнею), і мне патрэбна дапамога апекуна, якому таксама трэба плаціць», — піша Ніна ў абвестцы на старонцы Фундацыі «Kawałek Nieba».
Беларуская рада культуры заклікае ўсіх неабыякавых далучыцца да збору. Акрамя сабраных сродкаў, якія паступяць на рахунак, таксама будуць шукаць дадатковыя магчымасці для дапамогі Ніне.