БЕЛ Ł РУС

Махляры, якія прадаюць танныя шыны праз Instagram, рыхтуюцца да новага сезона. Як не трапіць на падман

7.10.2024 / 8:0

Даніла Луцкевіч

Хутка беларускія аўтааматары будуць масава пераходзіць на зімовыя пакрышкі. Махляры, якія прадаюць пакрышкі праз Instagram, таксама рыхтуюцца да новага сезона. 

Тысячы падпісчыкаў, прыгожыя здымкі і прывабныя цэны

Навіны пра тое, як махляры прадаюць аўтамабільныя пакрышкі і дыскі праз Instagram, перыядычна з'яўляюцца ў СМІ пачынаючы з 2022 года.

Махлярскія акаўнты звычайна маюць даволі вялікую аўдыторыю падпісчыкаў, якія выконваюць адразу дзве ролі. 

Па-першае, калі людзі бачаць, што за дзейнасцю кампаніі сочыць шмат людзей, то аўтаматычна пачынаюць успрымаць прадаўца як надзейнага. Па-другое, нярэдка самі падпісчыкі становяцца ахвярамі дзялкоў, якія стаяць за гэтым акаўнтам. 

Прааналізаваўшы некалькі профіляў фэйкавых прадаўцоў, можна прыйсці да высновы, што яны нагналі аўдыторыю, дзякуючы ўдзелу ў гівах (розыгрышах) у якасці спонсараў.

Адкуль бярэцца аўдыторыя?

Вынікае, што махляры плацяць грошы SMM-агенцыям або напрамую блогерам, які праводзяць розыгрышы ў Instagram.

Апошнія далёка не заўжды займаюцца праверкай спонсараў, таму ў спіс акаўнтаў, на якія просяць падпісацца блогеры ў абмен на магчымасць выйграць прызы, нярэдка трапляюць профілі, за якімі стаяць махляры.

Таму, калі вы знаходзіце нейкі тавар у Instagram, не разлічвайце на тое, што вялікая колькасць падпісчыкаў = гарантыя сумленнасці прадаўца.

Пры аналізе профілю варта паглядзець, колькі разоў змянялася назва акаўнта, а таксама праверыць, з якой краіны яго вядуць.

Махлярскія акаўнты часта змяняюць назвы, а інфармацыя пра краіну паходжання звычайна прыхованая, што наводзіць на думку, што знаходзяцца махляры не ў Беларусі.

Адшукаць гэтую інфармацыю вельмі проста — дастаткова націснуць на назву акаўнта.

Прыкметы махляроў

Таксама варта звяртаць увагу на тое, ці ўказаны фізічны адрас, а таксама кантактныя нумары тэлефонаў. Праўда, дасведчаныя махляры знаходзяць, што напісаць у якасці адраса. 

Напрыклад, у кастрычніку мінулага года ў СМІ пісалі пра прадаўцоў танных пакрышак, якія нібыта знаходзіліся на ўскраіне Гродна па адрасе: вул. Мясніцкая, 3. Натуральна, што ніякага склада з таннымі шынамі з Еўропы там не было. 

«Да нас такіх, як вы, пакупнікоў па 100 чалавек на дзень прыязджае. З розных куткоў Беларусі. Усе шукаюць танную гуму», — адказвалі адной з ахвяр супрацоўнікі шынамантажу, які знаходзіўся непадалёку.

Звычайна махляры вядуць усю камунікацыю выключна праз Instagram або Telegram.

Аплаціць 50 або нават 100% цаны тавару перад купляй — нармалёвая практыка, але махляры просяць пераводзіць грошы менавіта на картку. Прычым, некаторыя, каб заблытаць пакупнікоў, просяць зрабіць гэта праз АРІП, тым самым мімікруючы пад сапраўдных ІП або юрасоб. Але ў выніку яны ўсё адно просяць пералічыць грошы па нумару карткі. 

Яшчэ адзін момант, які выдае махляроў, — фоты. Праверка праз Google Lens паказвае, што гэта не ўнікальныя здымкі, а старыя фоты, узятыя ў інтэрнэце.

Але трэба разумець, што махляры не стаяць на месцы, яны робяць работу над памылкамі і пастаянна ўдасканальваюцца, як можна ўбачыць у выпадку з указаннем адрасу.

Тое самае і з фота: каб атрымліваць унікальныя здымкі, некаторыя прапануюць свае паслугі па дапамозе ў продажы вашых пакрышак. 

Галоўнае — гэта цана

Галоўнае адрозненне сапраўднага тавару ад таго, што прадаюць махляры, — гэта цана. Махляры, як правіла, прапануюць набыць тавары па цэнах ад 30 да 50% ад іх рэальнага кошту.

Так, напрыклад, новыя зімовыя шыны Continental WinterContact TS 850 P 225/50R17 2023 года выпуску ў махляроў каштуюць усяго 172 рублі ($53) за штуку. У той час, як у рэальных прадаўцоў адна такая пакрышка каштуе ад 500 рублёў (каля 150 даляраў).

Аналагічная сітуацыя з зімовымі шынамі Bridgestone 2024 года выпуску. Махляры прадаюць іх па 168 рублёў (каля $50) за штуку, калі рэальныя прадаўца па 500 рублёў (каля $150) за штуку.

Параўнаўшы кошт з іншымі прадаўцамі, можна беспамылкова вызначыць, што вы камунікуеце з махлярамі. Але, як выглядае, штогод знаходзіцца не мала людзей, якія вераць у хвалебныя водгукі на старонках махляроў, вялікую аўдыторыю і вялікую ўдачу, што ў вас атрымаецца набыць нешта ў 2-3 разы танней, чым яно каштуе насамрэч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула