Мінчукі скардзяцца, што ў іх не працуе інтэрнэт ад А1
5.10.2024 / 23:22
Жыхары Малінаўкі ў Мінску ўжо дзень сядзяць без стацыянарнага інтэрнэту. Мяркуючы па паведамленнях, праблема закранула карыстальнікаў А1. Сувязь знікла рана раніцай у суботу і, мяркуючы па паведамленнях, не аднавілася па стане на 22-ю гадзіну, піша «Анлайнер».
«Вельмі непрыемна: ні робат-пыласос не працуе, ні тэлевізар, ні Wi-Fi… Праблема ў тым, што ад кампаніі няма ніякай інфармацыі, наогул нічога з гэтай нагоды. Людзі злуюцца», — пішуць абаненты.
На сайце і ў сацсетках аператара пра збоі нічога не гаворыцца, з тэхпадтрымкай аператыўна звязацца не ўдаецца.
Па словах тых, у каго атрымалася дастукацца да тэхнічнай падтрымкі, спецыялісты аператара пацвярджаюць «цяжкасці» і сцвярджаюць, што «працуюць над іх ліквідацыяй».
Можна меркаваць, што праблема звязаная з пашкоджаннем аптычнага кабеля з-за аплаўленай ізаляцыі праводкі ў падвале аднаго з жылых дамоў па вуліцы Ясеніна. Ва ўсякім выпадку, на гэта і магчымыя перабоі з інтэрнэтам паказваюць МНС і Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі.
Чытайце таксама:
A1 з канца верасня пачне блакаваць мабільны інтэрнэт у некаторых кліентаў
Не пападзіцеся на хітрык. А1 стаў браць грошы за некалі бясплатную паслугу