БЕЛ Ł РУС

Хто такія дэдбоды і чаму на іх цяпер у жанчын попыт

8.10.2024 / 17:47

Nashaniva.com

У сацыяльных сетках дзяўчаты прызнаюцца, што выбралі сабе ў партнёры маладога чалавека тыпу дэдбод. Што ж гэта за тыпаж такі новы модны? 

Тыпаж дэдбода. Фота: hector.on.fitness / Instagram 

Гэты тэрмін спалучае словы «dad» (бацька) і «body» (цела). Ён узнік у папулярнай культуры як апісанне целаскладу мужчыны з сярэднестатыстычным выглядам, які не імкнецца быць атлетычным, мае нават невялічкі жывоцік, што часам асацыюецца з роллю бацькі або сем'яніна.

Ён дазваляе сабе спорт для задавальнення, а не для рэльефных мускулаў і адступае ад прынцыпаў здаровага ладу жыцця без пакут сумлення, спажываючы дастаткова рэгулярна піва і піцу.

Упершыню гэты тэрмін стаў папулярным прыкладна ў 2015 годзе пасля таго, як студэнтка з ЗША Макензі Пірсан апублікавала эсэ пра тое, чаму дэдбод стаў папулярным і прывабным для жанчын. Яе тэкст выклікаў дыскусіі і шырокае распаўсюджанне гэтага паняцця ў СМІ.

Скрын відэа: JesseJamesWes / YouTube

У культурным плане дэдбод звычайна асацыюецца з больш расслабленым падыходам да жыцця і фізічных формаў, і не ёсць сінонімам нездароваму ладу жыцця, а хутчэй натуральнасці і прыманню свайго цела.

Дзяўчаты тлумачаць, што аддаюць перавагу дэдбодам, бо не перажываюць за свае ўласныя недасканаласці побач з імі. Жанчынам здаецца, што партнёры з больш натуральным выглядам не будуць іх асуджаць, а наадварот, падтрымаюць.

Дзяўчаты адзначаюць, што мужчыны з такім целаскладам больш даступныя ў сацыяльным плане, з імі весела і камфортна, яны лёгка падтрымліваюць размовы, не зацыкленыя на дыетах або трэніроўках і гатовыя падзяліцца піцай і выпіць разам пасля цяжкага тыдня​.

Частка дзяўчат упэўнена, што дэдбод — гэта ідэальны варыянт для сям'і. Ён не зацыклены на сабе, а значыць будзе больш часу праводзіць побач. Гэта асабліва важна, калі ў пары з'явяцца дзеці.

Чытайце таксама:

Хто такія скуфы і ці жывуць яны ў Беларусі?

Хто такія інцэлы і ці іх агрэсія сапраўды стала праблемай

Каментары да артыкула