БЕЛ Ł РУС

Новая Зеландыя ўпершыню з Другой сусветнай вайны страціла карабель у моры

6.10.2024 / 20:15

Nashaniva.com

Судна за 100 мільёнаў даляраў села на мель і затанула ля берагоў Самоа.

Скрыншот відэа

Каралеўскі флот Новай Зеландыі ўпершыню з часоў Другой сусветнай вайны страціў свой карабель.

Судна HMNZS Manawanui, якое займаецца дайвінгам і здымкай акіяна, трапіла ў аварыю прыкладна ў адной марской мілі ад вострава Уполу ўвечары ў суботу падчас правядзення абследавання рыфа, піша Бі-бі-сі.

Судна села на мель ля берагоў Самоа, загарэлася перавярнулася і затанула. Усе 75 чалавек, якія знаходзіліся на борце, былі эвакуяваныя на выратавальных шлюпках і выратаваныя рана раніцай у нядзелю.

Чыноўнікі заявілі, што прычына інцыдэнту невядомая і будзе расследаваная. Катастрофа адбылася ў непагодлівае і ветранае надвор'е.

Вайскоўцы заявілі, што выратавальнікам давялося змагацца з плынямі і вятрамі, якія адкідалі выратавальныя плыты і марскія лодкі да рыфаў, а хвалі ўскладнялі выратавальныя працы. Абследаванне гэтай тэрыторыі не праводзілася з 1987 года.

Міністр абароны Джудзіт Колінз на прэс-канферэнцыі ахарактарызавала інцыдэнт як «сапраўды сумны дзень для ВМС».

«Але ўсе справіліся, і я павінна сказаць, што гэта заслуга прафесіяналізму [экіпажнай групы], падрыхтоўкі і іх уласнай мужнасці», — дадала яна.

Дэйв Пул, які быў сведкам пажару судна, распавёў агенцтву навін Reuters: «Калі мы ўвайшлі ў заліў, мы ўбачылі судна, але не дым. Праз 15 хвілін былі бачныя агонь і дым. Неўзабаве пасля гэтага судна затанула».

Карабель HMNZS Manawanui стаў першым ненаўмысна затопленым ваенным суднам Новай Зеландыі з тых часоў, як краіна ўдзельнічала ў марскіх бітвах падчас Другой сусветнай вайны.

За мінулы перыяд па розных прычынах было наўмысна затоплена яшчэ некалькі караблёў, у тым ліку для выкарыстання ў якасці аб'екта для дайвінга або ў якасці штучнага рыфа.

Вайскоўцы заявілі, што цяпер іх намаганні накіраваныя на спробу выратаваць судна і мінімізаваць уздзеянне затаплення на навакольнае асяроддзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула