БЕЛ Ł РУС

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord

9.10.2024 / 8:43

Nashaniva.com

Праз платформу Discord расійскія вайскоўцы рабілі трансляцыі з разведвальных і ўдарных беспілотнікаў, якія дапамагалі забіваць украінцаў. Цяпер платформу заблакаваў Раскамнагляд. Расказваем, што пра гэта пішуць расійскія ваенныя блогеры і чаму расіяне выкарыстоўваюць менавіта Discord.

Расійскі камандны пункт. На камп'ютары з правага боку ідзе трансляцыя з беспілотніка праз Discord

«На пунктах кіравання дзясяткаў злучэнняў упалі трансляцыі з беспілотнікаў, якія працуюць праз закрытыя пакоі Discord. Такім чынам, усіх адкінулі на ўзровень сакавіка 2022 года», — піша Z-канал «Тройка».

Яшчэ адзін Z-блогер пад псеўданімам Вараг піша: «Упалі ўсе стрымы з птушак на штабы. Цяпер замест выканання баявых задач ваяры будуць вынаходзіць, як гэта падняць».

Блогер Раман Алёхін ідзе яшчэ далей:

«Рашэннем заблакаваць у Расіі «Дыскорд» чыноўнікі ўдарылі па фронце, праз што, хутчэй за ўсё, выраслі страты сярод нашых байцоў і тэхнікі. Ім гэта пачалі тлумачыць усе, але вось канец працоўнага дня і час ісці дадому, ды і інструкцый ніякіх не было…»

Яшчэ адзін расійскі камандны пункт. На адным з камп'ютараў (другі злева) адразу пазнаецца праграма Discord

Ён кажа, што перад блакіроўкай Discord варта было прыдумаць, як яго замяніць. «Бачыць на крок наперад і ўменне гэта рабіць паказвае, ці кампетэнтны кіраўнік. Калі гэта не спланаваная акцыя па аслабленні нашых байцоў і дапамозе нашаму праціўніку (не хочацца ў гэта верыць)».

Скандальная кіраўніца Лігі бяспечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна піша, што Discord выкарыстоўваўся, бо «дае самую якасную карцінку, без пікселяў. Няма аніякага аналага на гэты момант».

Канал «Военный осведомитель» заўважае, што Discord на лініі фронту дагэтуль даступны — праз Starlink. Выглядае, цяпер праблема ў тым, каб трансляваць відэа з дронаў для камандавання па-за лініяй фронту, якое кіруе войскамі «на зямлі».

Чытайце таксама:

Што за месенджар Discord і чаму яго забаранілі ў Расіі

У Луганскай вобласці загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію

Element: што за месенджар, якім карыстаюцца Бундэсвер, фіны і беларуская апазіцыя

Каментары да артыкула