БЕЛ Ł РУС

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды

10.10.2024 / 23:21

Nashaniva.com

Музей натуральнай гісторыі Лондана вызначыў сёлетніх пераможцаў штогадовай прэміі Wildlife Photographer of the Year, якая ўручаецца за найлепшыя фатаграфіі дзікай прыроды. Сярод герояў найлепшых кадраў апалонікі заходнеамерыканскай жабы, рысь з расійскага Прыморскага краю, шатландскія лішайнікі, чырвоныя лясныя мурашы і многія іншыя. Работы-пераможцы былі абраныя з амаль 60 тыс. заявак з усяго свету.

Найлепшым фатографам дзікай прыроды ў 2024 годзе прызналі канадца Шэйна Гроса, які зняў апалонікаў жабы заходнеамерыканскай, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення, у возеры Сідар на востраве Ванкувер.

Пераможцамі ў яшчэ некалькіх намінацыях сталі фатографы з ЗША, Аўстраліі, Іспаніі, Італіі, Германіі і іншых краін.

Расіянін Ігар Мяцельскі стаў пераможцам у намінацыі «Жывёлы ў іх натуральным асяроддзі пражывання» за фатаграфію рысі. На стварэнне гэтага здымка з дапамогай фотапасткі пайшло больш за шэсць месяцаў, паколькі ён быў зроблены ў цяжкадаступным месцы на Далёкім Усходзе

«Жыццё пад мёртвым лесам» Алексіса Тынкера-Цаваласа з Германіі — пераможца ў намінацыі «Фатограф ва ўзросце 15-17 гадоў». Для стварэння здымка была выкарыстаная тэхналогія, калі аб'ядноўваюцца 6 малюнкаў, на якіх у фокусе розная вобласць кадра. Нагахвосткі ледзь дасягаюць двух міліметраў у даўжыню. Яны сілкуюцца мікраарганізмамі, такімі як бактэрыі і грыбкі, паляпшаючы глебу і спрыяючы раскладанню арганічных рэчываў

«Пад ватэрлініяй» Мэцью Сміта (Вялікабрытанія/ Аўстралія) — пераможца ў намінацыі «Пад вадой». Цікаўны марскі леапард пад ільдамі Антарктыды. Хоць марскія леапарды шырока распаўсюджаныя і шматлікія, празмерны вылаў рыбы, адступленне марскога лёду і пацяпленне вады азначаюць, што робіцца менш крылю і пінгвінаў — іх асноўных крыніц ежы

Пераможца ў катэгорыі «Паводзіны: беспазвоночныя». Чырвоныя лясныя мурашы дзеляць на часткі жука

Пераможца ў катэгорыі «Паводзіны: птушкі». Малады сокал практыкуецца ў паляванні на матылькоў

Пераможца ў катэгорыі «Паводзіны: сысуны». Маладая макака спіць на руках у дарослай асобіны ў Нацыянальным парку Уілпату на паўночным захадзе Шры-Ланкі

Пераможца ў катэгорыі «Расліны і грыбы». Дрэва, пакрытае бледнымі лішайнікамі, у даліне Глен Афрык у Шатландыі

Пераможца ў катэгорыі «Паводзіны: земнаводныя і рэптыліі». Жоўтая анаконда абкручваецца вакол морды каймана ў водна-балотных угоддзях Пантанал на тэрыторыі Бразіліі

Пераможца ў катэгорыі «Партрэты жывёл». Падрослыя рысяняты хаваюцца ад халоднага ветру за спінай у маці. Канада

Пераможца ў катэгорыі «Мастацтва прыроды». Сілуэт вароны-падальніцы ў адным з паркаў у Базэлі, Швейцарыя

Здымак «Тыгр у горадзе» Робіна Дарыуса Конца (Германія) перамог у катэгорыі «Дзікая прырода ў горадзе»

Здымак «Дэльфіны ў лесе» Томаса Пешака (Германія / Паўднёвая Афрыка) стаў пераможцам у катэгорыі «Рэпартаж»

Пераможца ў катэгорыі «Фотажурналістыка». Следчы з лонданскай паліцыі збірае адбіткі пальцаў на канфіскаваным слановым біўні

Здымак «Надзея для ніну» ў катэгорыі «Жывёлы ў натуральным асяроддзі пражывання» аўстралійскага фатографа Яніка Келка ўдастоены ўзнагароды Impact Awards

Здымак Лівіі Паўлоўскай (Польшча) стаў пераможцам у спецыяльнай катэгорыі «Уплыў на прыроду». Яе фота было заяўлена ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў

Конкурс Wildlife Photographer of the Year праводзіцца з 1965 года. У 1984 годзе ў арганізацыі конкурсу пачаў браць удзел Лонданскі музей натуральнай гісторыі. Сёння гэта адзін з самых прэстыжных конкурсаў фатаграфіі дзікай прыроды ў свеце.

Кожны год на конкурс падаюцца тысячы работ з усяго свету. У 2024 годзе ўдзельнікі прадставілі больш за 59 тыс. фатаграфій са 117 краін, а ў фінал прайшлі толькі 100 з іх. Пераможцаў абірае журы, якое складаецца з экспертаў у галіне фатаграфіі і аховы прыроды.

Чытайце таксама:

У Папуа — Новай Гвінеі знайшлі від птушак, які лічыўся зніклым

На Любанскім вадасховішчы пабачылі вельмі рэдкую ў нас птушку

Пад Полацкам мужчына лавіў рыбу, а злавіў чарапаху

Каментары да артыкула