БЕЛ Ł РУС

«Трампа цікавіць толькі яго эга, яго грошы і яго статус». Барак Абама выступіў у падтрымку Камалы Харыс

11.10.2024 / 12:16

Nashaniva.com

Былы прэзідэнт ЗША выступіў у Пітсбургу (штат Пенсільванія) і падвергнуў рэзкай крытыцы кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа.

Барак Абама. Фота: Matt Freed / AP

«Няма ніякіх прыкметаў таго, што гэты чалавек думае пра каго-небудзь, акрамя сябе. Гэта 78-гадовы мільярдэр, які не перастае скардзіцца на свае праблемы з таго часу, як сышоў па залатым эскалатары дзевяць гадоў таму», — заявіў Абама.

Ён меў на ўвазе 2015 год, калі Трамп упершыню абвясціў пра сваё вылучэнне на пасаду прэзідэнта і з'явіўся перад публікай у сваёй вежы Trump Tower у Нью-Ёрку, спусціўшыся па залатым эскалатары, піша Bild.

«Твіты вялікімі літарамі, разглагольствы пра вар’яцкія тэорыі змоў, дзвюхгадзінныя прамовы, моўная каша, пастаянныя спробы прадаць штосьці выбаршчыкам. Трампа цікавіць толькі яго эга, яго грошы і яго статус. Ён не думае пра вас», — дадаў Абама.

Разам з тым былы прэзідэнт ЗША падтрымаў Камалу Харыс: па яго словах, яна не будзе «засяроджвацца на сваіх праблемах, яна будзе засяроджвацца на вашых».

«Стаўшы прэзідэнтам, яна будзе клапаціцца не толькі пра сваіх прыхільнікаў. Яна будзе працаваць у інтарэсах кожнага амерыканца. Вось такая Камала. Амерыцы не патрэбныя яшчэ чатыры гады ганарлівасці, няздольнасці, хамства і расколу», — сказаў Абама.

На думку амерыканскіх аналітыкаў, Пенсільванія — амаль што самы важны штат на выбарах у ЗША, якія пройдуць 5 лістапада.

Чытайце таксама:

Букмекерскі рынак паказаў рэзкі рост падтрымкі Дональда Трампа 

Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным

Харыс адмовілася ад сустрэчы з Пуціным па Украіне без удзелу Украіны

Каментары да артыкула