БЕЛ Ł РУС

Уладзімір Арлоў ладзіць вялікі літаратурны тур у Скандынавію

11.10.2024 / 12:36

Nashaniva.com

Пасля Літвы, Латві, Эстоніі і Фінляндыі ў гэтым годзе ды Нямеччыны і Італіі ў мінулым, вядомы беларускі пісьменнік збіраецца ў літаратурны тур у Скандынавію.

Усё пачнецца аднак ужо сёння, 11 кастрычніка, з Вільні, дзе адбудзецца лекцыя пра феномен жанчын у беларускай гісторыі «Ад Рагнеды да Ларысы Геніюш».

Падчас лекцыі можна будзе даведацца пра асветніцу і мецэнатку Еўфрасінню Полацкую, пра Сафію Полацкую, каралеву Даніі, пра правы жанчын у Вялікім Княстве Літоўскім, пісьменніцу і тэатральную дзяячку Францішку Уршулю Радзівіл і авантурыстку і мемуарыстку Саламею Пільштынову, Эмілію Плятэр і гераіняў вызвольных паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, міністарку Першага Ураду БНР Палуту Бадунову ды пра жаночыя лёсы ў гады сталінізму.

Пасля лекцыі адбудзецца гістарычная віктарына з прызамі, кніжны кірмаш і аўтограф-сесія пісьменніка.

Гасцёўня Беларускай Рады культуры (Вільня, šv. Ignoto 5-104)

11 кастрычніка 19.00

З Вільні Уладзімір Арлоў і кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пераедуць у Скандынавію.

У Стакгольме, Осла і Капенгагене пройдуць унікальныя творчыя вечарыны «Беларусь, якую мы ўзялі з сабой…»

Там удзельнікаў чакае:

— Дыскусія: Ці дапаможа еўрапейская гісторыя Беларусі ўвайсці ў еўрапейскую будучыню?

— Прэзентацыя кніг Уладзіміра Арлова: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны», «Імёны свабоды», «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча», «Ордэн Белай Мышы» і шэрагу іншых.

— Расповяд пра Kamunikat.org — найбуйнейшаю беларускаю інтэрнэт-бібліятэку ў свеце.

— Кніжны кірмаш з кнігамі выдадзенымі Фондам Kamunikat.org і іншымі незалежнымі беларускімі выдавецтвамі.

— Аўтограф-сесія з аўтарамі.

Стакгольм
Кнігарня Interbok, Hantverkargatan 32, Stockholm
13 кастрычніка, 18:00

Осла
15 кастрычніка, 18.00-19.30
Litteraturhuset Oslo, sal Kverneland

Капенгаген
17 кастрычніка, 18.00

Але на гэтым яшчэ не канец!

19 кастрычніка ў рамках Фэстывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі Pradmova Уладзімір Арлоў і Яраслаў Іванюк правядуць прэзентацыю кнігі «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi», якая адметна тым, што выйшла на беларускай лацінцы. Кнігу выдаў фонд Kamunikat.org у партнёрстве з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. 

У гэты паэтычны зборнік увайшлі ў тым ліку верлібры з кнігі «Parom praź La-Manš», за якую Арлоў атрымаў міжнародную прэмію «Еўрапейскі паэт свабоды». 

Падрабязная інфармацыя пра дакладны час і месца сустрэчы неўзабаве з'явіцца на сайце арганізатараў Фэстывалю PRADMOVA www.pradmova.eu

На заканчэнне літаратурнага туру 20 кастрычніка сустрэча «Беларусь, якую мы ўзялі з сабой…» пройдзе ў польскім горадзе Познані.

Познань
20 кастрычніка, 14.00
Przystanek Pireus, Głogowska 35, Poznań

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула