БЕЛ Ł РУС

«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае

11.10.2024 / 19:18

Nashaniva.com

Швейцарскія СМІ апублікавалі інтэрв'ю былога члена Нацыянальнай рады краіны, галоўнага выканаўчага дырэктара Stadler Rail AG Петэра Шпулера, які пракаментаваў планы беларускіх уладаў па змене ўласніка прадпрыемства ў прыгарадзе Мінска. Бізнэсовец адмаўляе магчымую змену ўласніка беларускага завода, піша Tochka.by.

Фота ілюстрацыйнае

Нядаўна былы міністр транспарту і камунікацый, а цяпер намеснік кіраўніка ўрада Анатоль Сівак заявіў пра тое, што завод стаў беларускім.

«Упэўнены, што мы будзем і далей ездзіць на рухомым складзе, які будзе вырабляць гэта беларускае прадпрыемства», — сказаў чыноўнік, каментуючы перспектывы запуску спыненага прадпрыемства.

Пасля міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч запэўніў у тым, што завод у Фаніпалі стане не швейцарскім, а беларуска-расійскім.

«Цяпер мы разам з чыгункай прапрацоўваем пытанне па тым, каб пачаць на адным з прадпрыемстваў рэспублікі буйнавузлавую зборку маторвагоннага рухомага складу альбо стварыць нейкае сумеснае таварыства для таго, каб аднавіць вытворчасць на «Штадлеры», — заявіў міністр транспарту.

Развіваючы тэму, расійскія, а ўслед за імі і беларускія СМІ расказалі пра тое, што гаворка можа ісці пра «Траснмашхолдынг» (належыць на 4/5 кампаніям Іскандэра Махмудава, Андрэя Бокарава, Дзмітрыя Камісарава і Кірыла Ліпа, 20% капіталу ў французскай Alstom) і «групе Сінара» (асноўны ўладальнік Дзмітрый Пумпянскі, які афіцыйна выйшаў з кіраўніцтва ў сакавіку 2022-га), якія знаходзяцца пад санкцыямі Украіны і ЗША, але не Еўрасаюза і Швейцарыі.

Каментуючы навіны, якія паступаюць з Беларусі і Расіі, кіраўнік Stadler Rail AG адзначыў, што кампанія «заўсёды выконвала санкцыі на 100%», а таксама даволі нечакана заявіў, што няма абсалютна ніякіх прыкмет таго, што «ў Беларусі ёсць нейкія планы ў змене структуры ўласнасці нашага мінскага завода».

Прадстаўнік Stadler Марк Мешэнмозер дадаў, што продаж завода ў нашай краіне не плануецца, а кампанія не ўдзельнічала ні ў якіх дыскусіях паміж прадстаўнікамі беларускага ўрада і расійскімі кампаніямі. Акрамя таго, Мешэнмозер у чарговы раз паведаміў, што пасля ўвядзення ў 2021 годзе санкцый супраць беларускіх уладаў Stadler рэлакаваў большую частку вытворчасці і персаналу з Беларусі ў ЕС.

Паводле яго слоў, на заводзе ў Фаніпалі, які афіцыйна не спыніўся, з 2000 рабочых цяпер працуе каля 200 чалавек, якія займаюцца механазборачнымі работамі.

Што да міжнароднай карпарацыі Stadler Rail, то яна актыўна расце і пашырае рынкі збыту. Да прыкладу, у лютым стала вядома, што вытворца чыгуначных і метровагонаў ды лакаматываў заключыў буйную здзелку ў Саудаўскай Аравіі. Кошт замовы складае каля 600 млн швейцарскіх франкаў.

Тыдзень таму Stadler паказала на міжнароднай выставе InnoTrans-2024 грузавы гібрыдны лакаматыў для Вялікабрытаніі і метрапоезд для Берліна. А літаральна ўчора міністр транспарту Узбекістана Ілхом Махкамаў паведаміў, што Узбекістан разглядае набыццё цягнікоў Stadler, і праект выйшаў на фінішную прамую: будзе праведзена вопытная эксплуатацыя двух электрацягнікоў.

У рамках пагаднення швейцарцы разглядаюць варыянт з лакалізацыяй вытворчасці ў гэтай краіне.

Чытайце таксама:

Беларусь хоча адкрыць сумесную з Расіяй вытворчасць на заводзе Stadler

10 гадоў «Штадлеру»: работы няма, а інжынераў вывозяць у Еўропу і Казахстан

Stadler расказаў, калі зноў запусціць завод у Беларусі

Кампанія «Штадлер» пакуль застаецца ў Беларусі?

Каментары да артыкула