Беларускія анколагі рыхтуюцца да рэзкага росту раку тоўстай кішкі
Прычына ў няправільным харчаванні беларусаў.
Фота: «Медыцынскі веснік»
Пра гэта «Медыцынскаму весніку» распавёў галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра (МГКАЦ), галоўны пазаштатны спецыяліст па анкалогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктар Кандратовіч.
Па словах Кандратовіча, у МГКАЦ ужо рыхтуюць спецыялістаў, якія будуць працаваць выключна з ракам тоўстай кішкі. У планах таксама пашырэнне аддзялення цэнтра, якое займаецца каларэктальным ракам.
«Прычына каларэктальнага раку — характар харчавання сучаснага чалавека», — адзначае спецыяліст.
Ён тлумачыць, што пераход на фастфуд і скарачэнне ўжывання клятчаткі з'яўляюцца аднымі з галоўных прычын развіцця гэтага захворвання.
Таксама важную ролю адыгрывае несвоечасовая санацыя паліпаў, бо паліп тоўстай кішкі — гэта прадвеснік каларэктальнага раку. З моманту з'яўлення паліпа да развіцця пухліны можа прайсці ад пяці да сямі гадоў.
Фота: «Медыцынскі веснік»
«Калі б пацыенты групы рызыкі, старэйшыя за 50 гадоў, хаця б раз на пяць гадоў рабілі каланаскапію і санацыю паліпаў, захворванне зменшылася б значна. Гаварыць з пацыентам аб неабходнасці такога кантролю, пераконваць яго павінна першаснае звяно — дактары паліклінік. Мы гатовы дапамагаць арганізацыйна-метадычнай дапамогай, але анкалагічная служба прызначана для лячэння пацыентаў з ужо даказаным ракам», — сцвярджае Кандратовіч.
Варта адзначыць, што рак тоўстай кішкі ўваходзіць у тройку найбольш частых анкалагічных захворванняў у Беларусі. Сярод мужчын найчасцей сустракаюцца рак лёгкіх, прастаты і каларэктальны рак. У жанчын — рак малочнай залозы, каларэктальны рак і анкалагічныя захворванні рэпрадуктыўнай сістэмы.