БЕЛ Ł РУС

У РТБД пасля затрымання акцёраў адмяняюць самыя касавыя спектаклі

20.10.2024 / 19:12

Nashaniva.com

19 кастрычніка стала вядома, што затрыманыя як мінімум трое акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД). Цяпер тэатр адмяняе папулярныя спектаклі, піша «Люстэрка». 

Пастаноўка «Шлюб з ветрам». Фота: rtbd.by

Затрыманыя акцёры (іх імёны не называюцца) задзейнічаны ў дзясятках спектакляў, прычым часта з'яўляюцца адзінымі выканаўцамі.

У выніку іх затрымання РТБД стаў аператыўна мяняць афішу. На 17 кастрычніка быў запланаваны паказ спектакля «Вось я і прыйшла!» — яго замянілі на «Тэсты для дарослых». 18 кастрычніка замест «Паляванне на сябе» былі паказаны «Махляры». Сёння, 20 кастрычніка, замест «Шлюба з ветрам» зноў пакажуць «Махляры».

22 кастрычніка запланаваная пастаноўка «Пачупкі» — аднак сярод выканаўцаў таксама няма дублёраў. Таму, калі акцёры ў бліжэйшы час не выйдуць на волю, прыйдзецца адмяняць і іх, а таксама іншыя спектаклі.

Адмененыя спектаклі — адны з самых касавых. «Шлюб з ветрам» і «Пачупкі» карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод мінчукоў.

Раней «Люстэрка» паведамляла пра звальненне Святланы Карукінай з пасады дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Паводле крыніц выдання, гэта адбылося яшчэ ў ліпені гэтага года. Пацвярджэннем гэтага сталі змены на сайце тэатра. Прозвішча і партрэт Карукінай зніклі адтуль.

У апошні час РТБД заставаўся адным з самых папулярных беларускіх калектываў. Аднак рэпрэсіі не абмінулі і яго.

Увосень 2020 года РТБД пакінулі акцёры Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Першы зрабіў гэта ў знак пратэсту супраць цэнзуры. Другі «ў знак салідарнасці са страйкоўцамі і звольненымі». У траўні 2021 года з краіны з'ехаў Ілля Ясінскі. У 2020-м ён удзельнічаў у пратэсных маршах. Падчас аднаго з іх яго затрымалі і зламалі пазванкі. У канцы снежня 2021 года звольнілі мастацкага кіраўніка тэатра Аляксандра Гарцуева. Ён узначальваў РТБД з 2012 года.

У сакавіку-пачатку красавіка 2022 года з тэатра сышлі ці былі звольненыя чатыры акцёры: Алена Баярава, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко. Апошняга 27 лютага затрымлівалі на антываеннай дэманстрацыі.

Чытайце таксама:

«Чаго вам не хапала? Жыві — не хачу!» Паглядзелі «Экстрэмісты» — новы спектакль «Купалаўцаў»

У Купалаўскім тэатры ў Мінску з'явілася «Месца Янкі Купалы»

Прызначылі новага мастацкага кіраўніка тэатра імя Якуба Коласа. На гэта спатрэбілася больш за два гады

Каментары да артыкула