БЕЛ Ł РУС

У Карме блогер захапляўся верталётам Лукашэнкі. Цяпер яго судзілі за экстрэмізм 

22.10.2024 / 14:57

Nashaniva.com

Аляксандр Петрачкоў быў зоркай раённай прапаганды, але зараз атрымаў адміністратыўку.

Аляксандр Петрачкоў (справа). Фота з інстаграма

Кармянскага блогера Аляксандра Петрачкова судзілі па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прапагандуе такую ​​дзейнасць», імаверна, за рэпосты. Рашэнне, якое вынес старшыня суда Кармянскага раёна Андрэй Аўсейцаў, пакуль невядомае, паведаміла «Гомельская Вясна».

Петрачкоў вядомы як праўладны блогер і актывіст, яго прасоўвала раёнка «Зара на Сожам». Рэдакцыя называла яго «мясцовай знакамітасцю» і нават вырабіла для Петрачкова імянны бэйдж з QR-кодам-спасылкай на ягоны акаўнт, піша «Флагшток». 

Аляксандр актыўна асвятляў праўладныя мерапрыемствы, а таксама быў дружыннікам — змагаўся з парушальнікамі парадку і «ліквідаваў наступствы вячэрніх сустрэч моладзі».

Петрачкоў актыўна вёў інстаграм на 1194 падпісчыкі. Адзін з яго апошніх пастоў прысвечаны «Дажынкам» з удзелам Лукашэнкі.

Блогер апублікаваў фота верталёта з подпісам: «Гістарычны момант! Верталёт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі над Кармяншчынай! Кармянцы, якія зведалі буру радасных эмоцый ад сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы, лічаць гэта шчаслівым знакам!»

Інстаграм Петрачкова не абнаўляецца ўжо больш за тыдзень.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула