Улады Кыргызстана хочуць памяняць гімн, бо ад цяперашняга «разлятаюцца птушкі»
Спікер парламента Кыргызстана анансаваў змену гімна, «каб яго лёгка спявалі ўсе грамадзяне». Ён прывёў нечаканыя аргументы.
Нурланбек Шакіеў
Гімн Кыргызстана перапішуць, заявіў спікер парламента Нурланбек Шакіеў.
«Я неяк чуў, што, калі адзін з экс-прэзідэнтаў паехаў за мяжу і калі прагучаў наш гімн, птушкі, якія сядзелі на дрэвах, разляцеліся. Пасля, калі прагучаў гімн той [прымаючай] краіны, птушкі зноў прыляцелі. Мы перапішам наш гімн, каб яго лёгка спявалі ўсе грамадзяне, ад 5 гадоў да 95 гадоў», — сказаў Шакіеў.
Дзяржаўны гімн Кыргызстана зацверджаны 18 снежня 1992 года, адразу пасля выхаду са складу СССР.
«Калі мы прымалі гімн, гэта быў час выхаду з Савецкага Саюза, гэта былі першыя крокі на шляху да свабоды. Яго і выконваць цяжка, не кожны кіргіз зможа гэта зрабіць. Гэта — марш. Мы хутка зменім гімн», — заявіў спікер.