БЕЛ Ł РУС

Мазгавы цэнтр Крамля незадаволены, што Захад перастаў весціся на ядзерны шантаж. Патрабуе «вяртання страху»

29.10.2024 / 17:55

Nashaniva.com

Так пішуць аналітыкі Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ) — цэнтра радыкальных ідэй Крамля — у сваім закрытым дакладзе, які быў разасланы ў МЗС і іншыя ўрадавыя структуры Расіі. Дакумент прапануе спіс мер, каб «ізноў вярнуць Захад у стан страху і падатнасці».

Фота: mod_russia / Telegram

Расійскім дыпламатам і ўрадавым структурам «належыць больш дэталёва і моцна» пагражаць Захаду прымяненнем ядзернай зброі, бо ранейшыя заявы Масквы перасталі ўплываць на амерыканскія і еўрапейскія эліты. Такая рэкамендацыя змяшчаецца ў непублічным дакладзе Інстытута сусветнай ваеннай эканомікі і стратэгіі Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ), які быў перададзены МЗС РФ, паведамляе расійская дзяржаўная газета «Ведомости» са спасылкай на сам дакумент.

У спісе яго аўтараў, як удакладняюць «Ведомости», пазначаны прафесар ВШЭ Дзмітрый Трэнін, экс-камандуючы Ціхаакіянскім флотам Расіі Сяргей Авакянц і палітолаг Сяргей Караганаў, які ўлетку прапаноўваў Уладзіміру Пуціну «прыняць больш рашучыя крокі па шляху эскалацыі падобна Усявышняму, які за шалапуцтва і распусту знішчыў агнявым дажджом Садом і Гамору».

«Галоўная праблема ў цяперашнім стане спраў — няўдачы Расіі ў галіне ядзернага стрымлівання, неабходнасць якога ў 1990-я гады адмаўлялася. Відавочны вынік гэтага — пашырэнне НАТА, якое прывяло да канфлікту ва Украіне. У выніку гэтага ядзернае стрымліванне падчас ваеннай аперацыі Расіі спрацавала толькі часткова — ЗША і іх саюзнікі не ўмяшаліся напрамую, але працягваюць пастаўляць Кіеву зброю. Эфектыўнасць расійскіх ядзерных пагроз падае», — адзначылі крамлёўскія аналітыкі.

На іх думку, ядзерныя гарантыі бяспекі ЗША, якія даюцца саюзнікам у Еўропе, з'яўляюцца блефам, а таму Расіі варта нагадаць Захаду пра страх перад прамым супрацьстаяннем з Расіяй і больш дэталёва растлумачыць, якія крокі Крэмль можа распачаць у адказ на тыя ці іншыя эскалацыйныя дзеянні Захаду, перадаюць «Ведомости».

Так, аўтары даклада ВШЭ прапаноўваюць замяніць у ядзернай дактрыне Расіі тэзіс «пра прымяненне ядзернай зброі толькі ў выпадку пагрозы самаму існаванню дзяржавы» на фармулёўку аб «прымяненні зброі пры пагрозе стратэгічна важным інтарэсам дзяржавы і яго насельніцтву», дадаўшы пад стратэгічныя інтарэсы недатыкальнасць Беларусі (апошні пункт быў дададзены Пуціным у ядзерную дактрыну зусім нядаўна).

Апроч гэтага, крамлёўскія аналітыкі прапаноўваюць нанесці дэманстрацыйныя ядзерныя ўдары па бязлюдных тэрыторыях, каб «выклікаць страх у Захаду», — пішуць «Ведомости».

Нагадаем, што яшчэ ў пачатку года ўкраінскія хакеры ўзламалі электронную пошту людзей з блізкага асяроддзя Дзмітрыя Мядзведзева і на працягу 6 месяцаў назіралі за іх перапіскамі паміж сабой.

Сярод перахопленых файлаў аказаўся дакумент аб рэкамендацыях па дзяржаўнай палітыцы Расіі ў Арктычным рэгіёне, падрыхтаваны аналітыкамі ўсё той жа Вышэйшай школы эканомікі.

У рэкамендацыях ВШЭ прапанавалася «істотна павялічыць» марскую дзяржаўную тэрыторыю РФ у Арктыцы шляхам «удакладнення» ліній наяўных межаў, а таксама размясціць у Арктыцы ядзерную зброю «для вайсковага кантролю недружалюбных дзяржаў у рэгіёне».

Характэрна, што ў той жа час Расія публічна выказала намер «удакладніць» свае межы ў Балтыйскім моры і тым самым юрыдычна далучыць да сябе частку марскіх тэрыторый балтыйскіх краін.

Чытайце таксама:

Як вяліся таемныя перамовы Байдэна і Пуціна пра вайну ва Украіне

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі

У выпадку пагрозы існаванню дзяржавы Украіна створыць ядзерную зброю за некалькі тыдняў — Bild

Каментары да артыкула