У ЗША знайшлі раней невядомы вальс Шапэна
Супрацоўнік бібліятэкі і музея Моргана ў Нью-Ёрку Робінсан Маклелан разбіраўся ў запасніках установы і наткнуўся на нотны рукапіс, які раней не сустракаў. На ражку аркуша ён убачыў імя: Шапэн, піша Euronews.
Фрэдэрык Шапэн. Ілюстрацыя: Chopin Foundation of the United States
Бібліятэкар звярнуўся па дапамогу да Джэфры Калберга, даследчыка творчасці польскага кампазітара. Той з крайнім здзіўленнем усвядоміў, што ніколі раней такога твора не бачыў.
Папера, чарніла і почырк былі старанна даследаваныя. Спецыялісты высветлілі, што рука і пазнакі тыповыя для Фрэдэрыка Шапэна, а матэрыялы аўтэнтычныя для яго эпохі. У выніку Музей Моргана канстатаваў, што гэта сапраўды невядомы раней вальс польскага кампазітара.
Партытуру датавалі 1830—1835 гадамі, калі Шапэну было каля 20 гадоў.
«Мы цалкам упэўненыя ў нашай выснове», — заявіў Маклелан, адзначыўшы, што гэта першае ў сваім родзе адкрыццё за апошнія паўстагоддзя. Іншыя падобныя знаходкі нядаўна сустракаліся, але наконт іх спецыялісты захоўваюць некаторы скептыцызм.
Кітайскі піяніст Лан Лан сыграў твор у Стэйнвей-холе. Паводле яго слоў, «гэта сапраўдны Шапэн: не самая складаная яго музыка, але яна ўвасабляе адзін з самых характэрных для яго стыляў». Паводле ўражанняў выканаўцы, «рэзкі пачатак нагадвае пра суровыя зімы ў польскай вёсцы».
Чытайце таксама:
Навукоўцы расшыфравалі ДНК Бетховена і раскрылі некаторыя таямніцы
У Германіі знайшлі раней невядомую п'есу Моцарта
Мінскія краязнаўцы разгадалі загадку на магіле знакамітай піяністкі