БЕЛ Ł РУС

Улады падлічылі, колькі пенсіянераў вернуць на работу і як вырастуць пенсіі ў 2025-м

3.11.2024 / 22:28

Nashaniva.com

Пра планы вяртаць пенсіянераў на працоўныя месцы і павышэнне пенсій у наступным годзе расказала міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.

Цяпер пенсіянер, які працуе, атрымлівае заработную плату і пенсію. Калі ў яго індывідуальны каэфіцыент, які склаўся пры разліку пенсіі, вышэйшы за 1,3, то пенсію ён атрымлівае ва ўрэзаным фармаце. З 1 студзеня 2025 года гэтыя правілы адмяняюцца і пенсія будзе выплачвацца ў поўным аб'ёме. Пры гэтым пенсіянер таксама будзе атрымліваць заработную плату.

«Мы паглядзелі на перспектыву. На сёння ў нас так званых маладых пенсіянераў, якія пяць гадоў як выйшлі на пенсію і не працуюць, у якіх такое абмежаванне цяпер спрацоўвае, — каля 10 тысяч чалавек. Патэнцыйна гэта тая мінімальная колькасць, якая можа да нас вярнуцца на рынак працы»,

— сказала Наталля Паўлючэнка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

На сёння працуючых грамадзян пенсійнага ўзросту — 446 тысяч. З іх 110 тысяч працуюць з абмежаваннем, гэта значыць не атрымліваюць поўны памер пенсіі.

Міністарка заявіла таксама, што ў 2025-м пенсіі вырастуць на 14%. Сярэдні памер пенсіі за год складзе 926 рублёў.

Чытайце таксама:

З 1 студзеня пенсіянеры, якія працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію

Пенсіянерка з’ехала з Беларусі пасля пратэстаў і жыве ў Польшчы на 20 даляраў у месяц

«У ZUS акруглілі вочы: яны ніколі пра такое не чулі». Як беларусы пераводзілі пенсію з Беларусі ў Польшчу

Каментары да артыкула