У аэрапорце Барселоны затапіла тэрмінал і ўзлётна-пасадачную паласу
Праліўныя дажджы ў Іспаніі працягваюцца, з Валенсіі ліўні перамясціліся на паўночны ўсход краіны, у Барселону. У сацыяльных сетках з'явіліся відэаролікі, на якіх відаць, як вада залівае тэрмінал у аэрапорце Барселоны Эль-Прат, піша Euronews.
Моцны дождж пачаўся ў аэрапорце раніцай у панядзелак. Да сярэдзіны дня было адменена 70 рэйсаў, 17 былі перанакіраваны ў іншыя аэрапорты.
Нацыянальнае метэаралагічнае агенцтва Іспаніі AEMET выпусціла чырвонае папярэджанне для Барселоны, заявіўшы пра «надзвычайную небяспеку з-за праліўнога дажджу». Улады рэкамендавалі «ўстрымацца ад паездак, калі ў іх няма крайняй неабходнасці».
Барселона стала яшчэ адным рэгіёнам Іспаніі, пацярпелым ад экстрэмальных умоў надвор'я. У Валенсіі, дзе колькасць загінулых перавысіла 200 чалавек, працягваюцца аднаўленчыя і ачышчальныя работы.
Аператар аэрапорта Барселоны Aena заявіў, што ў аэрапорце створаны «крызісны камітэт» для барацьбы з наступствамі моцнага дажджу.
На сайце аэрапорта большасць найбліжэйшых рэйсаў скасаваныя або затрыманыя як мінімум на гадзіну. Паводле даных аэрапорта, на гэты момант адменена 70 рэйсаў. Прыбыццё таксама затрымліваецца або адмяняецца, такая сітуацыя захаваецца да вечара.
Чытайце таксама:
«Забойцы, прэч!» Каралеўскую пару ў Іспаніі закідалі граззю
Ад паводкі ў Іспаніі загінулі ўжо 158 чалавек
У Іспаніі аб'явілі трохдзённую жалобу па ахвярах паводкі. Колькасць ахвяраў расце