БЕЛ Ł РУС

«Крыма больш няма». Амерыка пры Трампе не збіраецца дапамагаць Украіне вяртаць акупаваныя Расіяй тэрыторыі?

9.11.2024 / 20:18

Nashaniva.com

Браян Ланза, які быў дарадцам Трампа падчас выбарчай кампаніі, заявіў, што новая адміністрацыя засяродзіцца на дасягненні міру ва Украіне.

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп. Фота: Офіса прэзідэнта Украіны

Пра гэта палітык распавёў у эфіры праграмы «Weekend» на BBC World Service, перадае выданне «Українська правда».

Дарадца Трампа і стратэг Рэспубліканскай партыі адзначыў, што новая адміністрацыя звернецца да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай прадставіць сваё «рэалістычнае бачанне міру».

«Калі прэзідэнт Зяленскі сядзе за стол перамоваў і скажа, што мы можам дасягнуць міру толькі ў выпадку, калі ў нас будзе Крым, ён пакажа нам, што ён несур'ёзна ставіцца да гэтага…

Калі Зяленскі заяўляе, што мы спынім баявыя дзеянні і што мір наступіць толькі тады, калі Крым будзе вернуты,

у нас ёсць навіна для прэзідэнта Зяленскага: Крыма больш няма… І калі ваш прыярытэт — вяртанне Крыма і прыцягненне амерыканскіх салдат для вяртання Крыма, то вы застанецеся самі па сабе».

Ланза не згадваў пра акупаваныя тэрыторыі ўсходняй Украіны, але адзначыў, што вяртанне Крыма Украіне з'яўляецца нерэалістычным і «не з'яўляецца мэтай Злучаных Штатаў».

Нягледзячы на словы дарадцы Трампа, Украіна ніколі не звярталася да ЗША з просьбай накіраваць сваіх вайскоўцаў для барацьбы супраць Расіі, гаворка ішла толькі пра вайсковую дапамогу.

Ланза таксама дадаў, што ставіцца з вялікай павагай да ўкраінскага народа, апісаўшы яго як народ «з сэрцам ільва». Але, паводле яго слоў, прыярытэтам ЗША з'яўляецца «мір і спыненне забойстваў».

«Мы хочам сказаць Украіне: вы разумееце, што бачыце? Якое вашае рэалістычнае бачанне міру? Гэта не бачанне перамогі, але бачанне міру. І давайце пачнем сумленную размову», — сказаў ён.

Дарадца Трампа таксама раскрытыкаваў падтрымку, якую адміністрацыя Байдэна-Харыс і еўрапейскія краіны аказалі Украіне пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў лютым 2022 года.

«Рэальнасць на месцах такая, што еўрапейскія дзяржавы і прэзідэнт Байдэн не далі Украіне магчымасці і зброі для перамогі ў гэтай вайне ў самым пачатку і яны не здолелі зняць абмежаванні для перамогі Украіны», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула