БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Фінляндыі: Расійскаму імперыялізму не відаць канца. Трэба быць гатовымі да ўсяго і не панікаваць

10.11.2024 / 15:0

Антось Жупран

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб пракаментаваў змены ў геапалітыцы і выказаў сваё бачанне на будучыню НАТА ў сувязі з абраннем Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША.

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. Фота: Carl Court / Getty Images

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у суботнім інтэрв'ю выданню Ilta-Sanomat абвясціў, што яго краіна ўскочыла ў НАТА «ў апошні момант».

«Я ўдзячны за гэта саюзнікам. Безумоўна, цяпер, калі ты ўжо ў НАТА, лягчэй дыхаецца», — цытуе фінскае выданне словы Стуба.

Палітык таксама дадаў, што ў сучасных умовах Фінляндыя «не абавязкова» атрымала б падтрымку для членства ў Альянсе. Стуб падкрэсліў, што «яго ацэнка вынікае не толькі з абрання Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША, але і з ваеннай сітуацыі ва Украіне і агульнай стомленасці ад вайны».

«На сённяшнім этапе было б вельмі цяжка знайсці аргументы, чаму Фінляндыя павінна ўступіць у НАТА, калі, напрыклад, паглядзець на пазіцыю Германіі. Таму было вельмі важна зрабіць крок да дзвярэй [НАТА] на раннім этапе вайны», — падкрэсліў ён.

Стуб таксама прызнаў, што Фінляндыя, нягледзячы на ​​тое, што знаходзіцца ў самым магутным вайсковым альянсе, павінна быць гатовая «да абсалютна ўсяго з боку Расіі».

«Я не бачу канца расійскаму імперыялізму, пры якім тэрыторыя пашыраецца незаконнымі метадамі. (…) Трэба быць гатовымі абсалютна да ўсяго, што тычыцца Расіі», —

сказаў ён, падкрэсліўшы, што Расія працягвае пераўзбройвацца і праз некалькі гадоў зможа аднавіць свой патэнцыял да ўзроўню, які мела на пачатку вайны з Украінай.

Стуб адзначыў неабходнасць псіхалагічнай стойкасці і гатоўнасці жыць ва ўмовах, калі адсутнічае поўная яснасць або стабільнасць:

«Трэба быць здольным вытрымліваць гэтую своеасаблівую няпэўнасць. (…) Гаварыць аб Трэцяй сусветнай вайне або ядзернай вайне не вельмі разумна. (…) Няма сэнсу панікаваць».

Адпаведна словам прэзідэнта Фінляндыі, з новай эрай Трампа, напэўна, будзе ціск на партнёраў па НАТА, каб яны павялічылі выдаткі на абарону вышэй за 2% (выдаткі Фінляндыі складаюць прыкладна 2,5%). У той жа час Стуб не верыць у тое, што ЗША пад кіраўніцтвам Трампа зробяць радыкальны паварот у палітыцы адносна ўдзелу ў НАТА альбо сваёй прысутнасці ў Еўропе.

«Самыя важныя саюзнікі амерыканцаў знаходзяцца ў Еўропе», — адзначыў Стуб. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што «адказнасць за бяспеку зменіцца».

Нагадаем, што з пачаткам вайны Расіі ва Украіне Фінляндыя перагледзела свой нейтральны статус і падала заяўку аб ўступленні ў НАТА. 4 красавіка 2023 года, менш чым праз год, яна была прынята ў Альянс. Гэта з'яўляецца самым хуткім працэсам уступлення ў гісторыі.

Далучэнне Фінляндыі да НАТА ўзмацніла абароненасць Цэнтральнай Еўропы і Балтыі.

Чытайце таксама:

Сакрэтны шлях Фінляндыі ў НАТА

«Возера НАТА». Як Захад перамог Расію ў Балтыйскім моры без адзінага стрэлу

Фінляндыя дазволіла Украіне выкарыстоўваць яе зброю на тэрыторыі Расіі

Фінляндыя сёмы год запар прызнана самай шчаслівай краінай у свеце

Каментары да артыкула