Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»
Міністр замежных спраў Расіі прыехаў у Брэст на сумесную калегію і вырашыў паразмаўляць са студэнтамі.
Скрыншот відэа
Лаўроў чарговы раз усклаў віну за вайну ва Украіне на NATO. Ён паўтарыў, што Крэмль неаднаразова папярэджваў Захад аб тым, што не варта падтрымліваць Украіну і запрашаць яе ў NATO, паведамляе ТАСС.
«Калі пачалася ў нас спецыяльная ваенная аперацыя пасля 10 гадоў, якія прайшлі пасля дзяржаўнага перавароту, калі і Пуцін, і мы ўсе стараліся растлумачыць Захаду, што ён ідзе не туды, падтрымліваючы гэты нелегітымны рэжым, ды яшчэ і зацягваючы яго ў NATO, — казаў Лаўроў падчас размовы з беларускай моладдзю. — Калі ўсё гэта пачалося, ужо спецыяльная ваенная аперацыя, яны сталі казаць: «Мы ж вам казалі, трэба было Украіну прыняць у NATO, тады б на яе не напала Расія». Вось такі ў іх быў пасыл».
Далей міністр замежных спраў Расіі заявіў, што пасля вайны ад Украіны застанецца толькі частка.
«А зараз гэтыя сцэнарысты развіцця сітуацыі пачынаюць разумець, што ад Украіны застанецца толькі частка, і кажуць: «Вось давайце зараз спынімся, а гэтую частку прымем у NATO». А іншыя кажуць: «Нельга спыняцца, трэба Пуціна дабіваць, бо калі яго не дабіць, ён нападзе на нас усіх», — заявіў Лаўроў.
Гэта ён назваў канфрантацыйнай логікай.