Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі
Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент, каб ён адказаў на пытанні пра ролю платформы ў прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі. Там у першым туры перамог папулярны тыктокер і ўльтраправы папуліст Кэлін Джарджэску, піша Радыё Свабода.
Кэлін Джарджэску. Фота: Alexandru Dobre / AP
Даследчыкі заявілі аб схаванай актыўнасці на тысячах фэйкавых акаўнтаў напярэдадні галасавання. Прэм'ер-міністр Румыніі Марчэл Чалаку, які таксама ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але не прайшоў у другі тур, заявіў, што неабходна праверыць фінансаванне кампаніі Джарджэску ў TikTok.
У Джарджэску не было партыйнай падтрымкі, і апытанні не выявілі яго папулярнасці — цяпер даследчыкі засяродзіліся на буйной кампаніі ў TikTok, якую ён вёў у дні, якія папярэднічалі выбарам. Даследчыкі сцвярджаюць, што TikTok павінен быў убачыць «хвалю тысяч фэйкавых акаўнтаў».
«Мы заклікаем генеральнага дырэктара TikTok выступіць і гарантаваць, што яго платформа не парушае закон Аб лічбавых паслугах», — заявіла дэпутат Еўрапарламента Валеры Хаер.
TikTok адмовіўся каментаваць сваю магчымую ролю ў румынскіх выбарах.
Гэта не першы раз, калі TikTok, уладальнікам якога з'яўляецца кітайская кампанія ByteDance, падвяргаецца крытыцы ў Еўрасаюзе. У 2023 годзе прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў TikTok «зманліва нявінным» і прычынай «рэальнай залежнасці» сярод карыстальнікаў. ЕС пакуль не наклаў на платформу ніякіх буйных штрафаў або санкцый.