Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?
Абы-як скляпаны ролік зарэпосцілі ў тым ліку «Жоўтыя злівы» ды Ігар Тур.
Скрыншот фэйкавага відэа
Адзін з пралукашэнкаўскіх каналаў сёння паведаміў, што сын экс-міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы Ягор купіў на аўкцыёне ў ЗША «Жалезны трон» з папулярнага серыяла «Гульня тронаў» амаль за 1,5 млн даляраў.
У пацвярджэнне канал апублікаваў урывак з праграмы на тэхаскім тэлеканале Kens5. У эфіры расказваецца пра нашумелы аўкцыён, усё суправаджаецца цітрам «Дзе сын былога міністра замежных спраў Украіны ўзяў 1,5 млн даляраў на «Жалезны трон»?» і фатаграфіяй 18-гадовага Ягора Кулебы.
На тое, што відэа нейкія ўмельцы трохі адрэдагавалі, намякаў расказ вядучых: у сюжэце ні прозвішча Кулебы, ні Украіна не згадвалася. Дыктары расказваюць пра тое, што за лот змагаліся некалькі фанатаў «Гульні тронаў», адзін з якіх у выніку і аддаў за трон казачную суму.
Пацвердзіў гіпотэзу прагляд арыгінальнага сюжэту на сайце тэлеканала. Там ніякіх не вельмі ўмела дададзеных цітраў і фатаграфій Кулебы з сынам няма.
Скрыншот арыгінала
Аўтары фэйку дадалі надпіс і фатаграфіі ў відэашэраг уручную, а затым запусцілі яго па тэлеграм-каналах. Чарговую антыўкраінскую дэзынфармацыю з радасцю падхапіў адзін з вядучых і самых адыёзных лукашэнкаўскіх каналаў, а затым рэпостнуў і прапагандыст Ігар Тур.
Дзмітрый Кулеба працаваў міністрам замежных спраў Украіны ў 2020-2024 гадах. Нядаўна ён расказваў, што ягоны 18-гадовы сын Ягор вучыцца ва ўніверсітэце і праходзіць вайсковую падрыхтоўку.
«Жалезны трон» — гэта трон манарха Сямі Каралеўстваў у суперпапулярным фэнтэзі пісьменніка Джорджа Марціна «Песня лёду і полымя» і знятага па матывах кніг серыяла «Гульня тронаў». Паводле легенды, ён быў выкаваны ў агні цмокаў з мноства мячоў. Яго поўнапамерную рэпліку з пластыка сапраўды прадалі на аўкцыёне ў Даласе ў кастрычніку разам з іншымі артэфактамі. Пра аўкцыён напісалі найбуйнейшыя СМІ. Пры гэтым імя пакупніка нідзе не называецца.
«Жалезны трон». Фота: Getty Images / Kevin Winter
Прапагандысты не ўпершыню падхопліваюць дэзынфармацыю, накіраваную супраць Украіны. Шырока вядомыя фэйкі, створаныя прарасійскай сеткай рэгіянальных псеўдаСМІ былога марпеха ЗША Джона Дугана: пра тое, што Уладзімір Зяленскі нібыта купіў лімузін Гітлера, а таксама пра куплю ягонай жонкай Аленай упрыгожванняў больш чым на мільён даляраў. Усе гэтыя паведамленні аказаліся фальшывымі.
Чытайце таксама:
Навагрудскі архіепіскап заявіў, што Зяленскі купіў машыну Гітлера. Гэта даўно абвергнуты фейк
Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам