БЕЛ Ł РУС

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома

6.12.2024 / 14:34

Nashaniva.com

Нітачкі вядуць да цырульніцы Лукашэнкі, расказвае ў сваім расследаванні «Бюро».

Крысціна Моцная — пазашлюбная дачка Аляксандра Лукашэнкі, фота з яе інстаграма

Цырульніца Лукашэнкі Сняжана Моцная пераехала ў сталіцу са Шклова са сваёй сям’ёй. 

Упершыню пра жанчыну як пра асабістую цырульніцу Лукашэнкі і «аўтарку ягонага знакамітага зачосу» расказаў Альянс расследавальнікаў Беларусі. 

Сняжана Моцная. Крыніца: shopogoliki.by

Сняжана Моцная і Лукашэнка знаёмыя яшчэ з далёкага 1991 года. 24 красавіка 1991 года ў раённай шклоўскай газеце «Ударный фронт» выйшаў матэрыял «Міс педагогіку завуць Сняжана».

 

На мясцовым конкурсе прыгажосці Сняжана Моцная атрымала два прызы — за першае месца і прыз сімпатый гледачоў:

«…магнітафон «Беларусь», які таксама заваявала міс Сняжана, ад спонсараў, ёй уручыў дырэктар саўгаса «Гарадзец», народны дэпутат БССР А.Р. Лукашэнка».

Але, паводле слоў крыніц «Бюро», якія працавалі з Лукашэнкам, сапраўдная ўдача ўсміхнулася Сняжане ў сярэдзіне — канцы 90-х: Аляксандр Рыгоравіч апынуўся ў яе цырульніцкім крэсле.

«У Адміністрацыю прэзідэнта, то-бок на той момант гэта быў адрас Карла Маркса, 38, яе прывозілі на аўтамабілі [службовым]», — расказваюць людзі, якія працавалі ў той час на Лукашэнку.

«Прывозілі да Лукашэнкі, каб яна [яго] прычэсвала. Таму што, дапусцім, узяць яго вобраз там 94-га года, там 96-га, гэта такі быў даволі калгаснаваты тыпаж, ну вось яму параілі ўзяць кагосьці, хто б сачыў за яго вобразам».

@nashaniva У Лукашэнкі знайшлася дачка. Яе прозвішча: Моцная. А бацькам запісаны: Моцны Аляксандр Рыгоравіч #лукашенко #лукашэнка #дочь #дочька #папа #тата #бацька #батька #коля #колялукашенко #кристина #семья #родители #президент #правительство #новости #политика #беларусь #минск ♬ Suspenseful and tense orchestra(1318015) - SoLaTiDo

Паводле звестак, атрыманых дзякуючы «Кіберпартызанам», Сняжана значылася студэнткай МДЛУ ў 1994 годзе. Сама Моцная ў сябе на сайце піша, што скончыла ўніверсітэт у 1996-м. Але затым аж да 2001 года хоць якая інфармацыя пра працоўную дзейнасць дзяўчыны адсутнічае.

Аднак з пашпартнай базы вынікае, што ўвесну 1999 года нядаўняя студэнтка Моцная зацяжарала, а затым займела кватэру ў цаглянай новабудоўлі палепшанай планіроўкі на сталічнай вуліцы Магілёўская.

У лютым 2000 года ў Сняжаны нарадзілася дачка Крысціна. Ні на той момант, ні пасля Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. Яна і па сёння носіць сваё дзявочае прозвішча. У графе «бацька» маці Крысціны пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча, але, паводле даных «Кіберпартызан», такога чалавека ў Беларусі проста не існуе.

Можна дапусціць, што Сняжана запісала дачку на сваё прозвішча, а вось хто такі Аляксандр Рыгоравіч, высветліць не ўдалося.

Падобныя метамарфозы з «неіснуючым» бацькам раней ужо былі зафіксаваныя расследавальнікамі ў сям’і Віктара Шэймана. У 2018 годзе ўчарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў і па сумяшчальніцтве каханка Шэймана Ганна Пушкарова нарадзіла хлопчыка, якога запісала ў пасведчанні аб нараджэнні як Пушкароў Міхаіл Віктаравіч. У графе «бацька» яна пазначыла нейкага Пушкарова Віктара Уладзіміравіча.

Чалавек, які працаваў на Лукашэнку ў канцы 90-х, расказаў, што Сняжана Моцная нарадзіла дачку ад свайго высокапастаўленага земляка. Тое, што ў Лукашэнкі ў 2000-м нарадзілася дачка, пацвердзіла і іншая крыніца, якая была вельмі блізкая з Лукашэнкам у канцы 90-х. 

Таксама журналісты звярнуліся да некалькіх супрацоўнікаў спецслужбаў і праваахоўнікаў, якіх вучаць «счытваць твары», і папрасілі іх прааналізаваць фатаграфіі Крысціны Аляксандраўны Моцнай і Аляксандра Лукашэнкі:

«Ёсць прыкметы, якія сведчаць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае — лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі — яны дастаткова на вялікай адлегласці адна ад адной. То-бок гэта вось такое сямейнае [падабенства] — у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фатаграфію Лукашэнкі без вусоў, то менавіта вось гэты фрагмент — яны таксама даволі падобныя».

Крысціна Моцная і малады Аляксандр Лукашэнка

Журналісты патэлефанавалі Сняжане Моцнай. Яна адказала, што «гэта ўсё лухта», і кінула слухаўку.

З нараджэннем дачкі Сняжана Моцная стала хутка прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы.

Калі малой было 1,5 года, згодна са звесткамі з базы ФСАН, маладая мама трапіла на працу ў Міністэрства замежных спраў, дзе даслужылася да першага сакратара галоўнага ўпраўлення Еўропы.

У 2002 годзе з Шклова ў Мінск прыязджае маці Моцнай Лідзія і ў 2003-м займае пасаду вядучай спецыялісткі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, а сама Сняжана ідзе ў бізнэс і спачатку працуе ў фірме «Белроснафта», а затым робіцца вядучай спецыялісткай кампаніі «БелПоўдзеньнафтапрадукт». Праз пару гадоў у гэтую ж кампанію з Каапгандлю Шклоўскага райспажыўтаварыства падцягнулася і родная малодшая сястра Сняжаны — Ларыса. Жанчыны будуць працаваць разам да 2009 года, а затым Ларыса пойдзе ў «Беларусьгандаль» Упраўлення спраў Лукашэнкі.

А вось Сняжана некаторы час прапрацуе ў Палацы Рэспублікі і Федэрацыі хакея Беларусі, а затым канчаткова замацуе свае пазіцыі ў бізнэсе і стане працаваць выключна ў кампаніях «кашалькоў» Лукашэнкі — «Трайпле», «Сохры», «Газ Венчурэ», «БСЗТ — Новыя тэхналогіі».

Як расказваў Альянс расследавальнікаў Беларусі, у 2016 годзе «Юніс-Ойл» уплывовага беларускага бізнэсоўца Анатоля Тарнаўскага, які ў той час лічыўся «кашальком» Лукашэнкі, перадасць Сняжане Моцнай бясплатна кватэру плошчай 134 квадратныя метры і коштам 250 тысяч даляраў.

У 2016 годзе Сняжана вырашыць падацца ў іміджмэйкеры, паралельна кіруючы бізнэсамі.

«У мінулым я дыпламат, хакейны функцыянер і кіраўнік у бізнэсе. Сёння ж я — дыпламаваны спецыяліст у галіне іміджу і стылю — стыліст-іміджмэйкер», — кажа Сняжана ў сваім блогу.

Паводле звестак «Кіберпартызан», у 2023 годзе Моцная займала пасаду памочніцы кіраўніка ў кампаніі Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб’я і Аляксандра Зайцава «Брэміна груп» і па сумяшчальніцтве працавала ў кампаніі «Эліксір Маладосці Плюс».

Сама Сняжана Моцная свой кар’ерны шлях апісвае такімі словамі:

«Да прафесіі стыліста я прыйшла не выпадкова. Уся мая кар’ера была звязаная з яркімі асобамі і ўплывовымі людзьмі, палітычнымі «цяжкавагавікамі» і паспяховымі бізнэсоўцамі».

Чытайце таксама:

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Каментары да артыкула