Эрдаган: мэта апазіцыі — Дамаск. Мы прапанавалі Асаду разам вызначыць будучыню Сірыі, але адказу не было
Прэзідэнт Турцыі пракаментаваў прасоўванне войскаў паўстанцаў у Сірыі.
Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Paul Ellis Pool Getty Images
Рэджэп Таіп Эрдаган пасля пятнічнай малітвы выказаўся наконт вайны ў Сірыі.
Войскі паўстанцаў узялі Алепа і Хаму, а цяпер прасоўваюцца да Хомса.
«Ідліб, Хама, Хомс, і, вядома, мэта — Дамаск. Апазіцыя працягвае гэты рух. Мы спадзяемся, што гэты рух у Сірыі працягнецца без здарэнняў і бед.
Падчас супраціву супраць тэрарыстычных арганізацый мы звярнуліся да Асада з заклікам: давай разам вызначым будучыню Сірыі. Аднак станоўчага адказу не было», — цытуе Эрдагана CNN Turk.
Уначы паўстанцы ў Сірыі з занятай Хамы выйшлі на подступы да Хомса — трэцяга па велічыні горада краіны. Яго падзенне адрэжа Дамаск ад партоў на Міжземным моры, дзе размешчаныя расейскія вайсковыя базы. Турцыя падтрымлівае цэлы шэраг фарміраванняў, якія ваююць супраць войскаў Башара Асада.