БЕЛ Ł РУС

Крамлёўскі дэмограф заявіў аб анамальнай мужчынскай звышсмяротнасці ў Расіі

7.12.2024 / 13:22

Nashaniva.com

Старшыня назіральнай рады расійскага Інстытута дэмаграфіі, міграцыі і рэгіянальнага развіцця Юрый Крупноў даў гэтаму арыгінальнае тлумачэнне.

Старшыня назіральнай рады расійскага Інстытута дэмаграфіі, міграцыі і рэгіянальнага развіцця Юрый Крупноў. Фота: «Партыя справы»

Па словах урадавага дарадцы Юрыя Крупнова, у Расіі цяпер назіраецца вельмі высокая тэндэнцыя смяротнасці ў мужчын узростам ад 25 да 45 гадоў, якая «вышэйшая за паказчыкі Еўропы ў 5-6 разоў».

«У Расіі мужчын узростам да 30 гадоў сапраўды больш, чым жанчын. У нас нараджаецца прыкладна 104 хлопчыкі на 100 дзяўчынак. Але асноўная праблема пачынаецца пасля 25-30 гадоў.

У так званай квітнеючай узроставай групы — ад 25 да 45 гадоў — назіраецца мужчынская звышсмяротнасць, якая ў параўнанні з Еўропай у 5-6 разоў вышэйшая. Гэта катастрафічная анамалія»,

заявіў Крупноў у інтэрв'ю расійскаму агенцтву «Грамадская служба навін».

Дэмограф адзначыў, што на бліжэйшыя 20—30 гадоў Расіі патрэбна распрацаваць і ажыццявіць «нацыянальны праект па выратаванні мужчын» і што «без структурных зменаў у грамадстве, пераасэнсавання каштоўнасцяў і дзяржаўнай падтрымкі гэтую праблему не вырашыць».

Аднак чыноўнік ні словам не абмовіўся аб уплыве вайны ва Украіне на мужчынскую смяротнасць у Расіі, знайшоўшы анамаліі зусім іншае тлумачэнне.

Расійскія вайскоўцы на вайне ва Украіне. Фота AP Photo / Alexei Alexandrov

«Здавалася б, у гэтым узросце [25-45 гадоў] гаварыць пра смяротнасць увогуле не варта. Але ў нас гэта нацыянальная асаблівасць, звязаная з бяздумнымі мадэлямі паводзін мужчын, іх схільнасцю трымаць усё ў сабе і не выказваць праблемы. Да гэтага дадаюцца такія фактары, як злоўжыванне алкаголем і адсутнасць зваротаў па медыцынскую дапамогу», — сцвярджае Крупноў.

Нагадаем, днямі на Круглым стале Камітэта па працы, сацыяльнай палітыцы і справах ветэранаў Расіі выпадкова выдалі статыстыку па колькасці вайскоўцаў, якія зніклі без вестак.

Намесніца міністра абароны Расіі і па сумяшчальніцтве стрыечная пляменніца Пуціна Ганна Цывілёва падчас свайго выступлення заявіла, што сваякі расійскіх вайскоўцаў здалі 48 тысяч тэстаў ДНК для апазнання іх парэшткаў (усе мужчыны, якія заключаюць кантракт з расійскім Мінабароны, здаюць тэсты ДНК. Гэтыя звесткі затым уносяцца ў базу МУС).

У адказ на гэта кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў зрабіў Цывілёвай заўвагу і папрасіў «нідзе больш гэтыя лічбы не агучваць», а таксама «прыбраць такую інфармацыю з дакументаў».

Чытайце таксама:

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі

Былы міністр унутраных спраў Беларусі мае бізнэс у акупаваным Марыупалі

Каментары да артыкула