Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?
Губазікаўцы выклалі аўдыя з дзяўчынай, якую вінавацяць ва ўдзеле ў чаце «Белыя крылы Баранавічы». Расказваем, як яе маглі дэананімізаваць.
Вольга Мікалаева. Фота з яе інстаграма
Вользе Мікалаевай 30 гадоў. Родам яна з Баранавічаў. Пасля вучобы ва ўніверсітэце ў Мінску вярнулася ў родны горад. У дзяўчыны ёсць муж і дружная сям'я.
Дзяўчына грае на барабанах і ў студэнцтве была бубначкай у аматарскіх музычных гуртах. Разам з мужам яны любяць падарожнічаць па Беларусі і свеце.
Вольга Мікалаева падчас сплаву на байдарках улетку 2024 года. Фота з яе інстаграма
Калі КДБ абвесціў чат «Белыя крылы Баранавічы» — зусім малы і даўно неактыўны раённы чат —экстрэмісцкім фарміраваннем, сярод ліку ўдзельнікаў была названая Вольга. Наколькі вядома, яна не была там адміністратарам, але тэхнічна сілавікі могуць указваць у сваім спісе імя любога з удзельнікаў чата, неабавязкова стваральніка.
Выйшлі на Вольгу праз неабаронены акаўнт. Ён быў прывязаны да ўласнага нумара дзяўчыны і прабіваецца праз боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы.
Вольгу затрымалі больш за месяц таму. Усе яе сацсеткі і месенджары неактыўныя — імаверна, дзяўчыну змясцілі ў СІЗА.
Губазікаўцы сцвярджаюць, што супраць яе завялі крымінальную справу. Аднак дэталі не агучваюць.
Чытайце таксама:
Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?
Гамельчука Паўла судзяць за каментары ў тэлеграме, хоць ён выдаліў акаўнт за тры гады да затрымання
Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»