Паўстанцы ў Сірыі ўзялі Пальміру, штурмуюць Хомс, увайшлі ў Дамаск. Дзе Асад — невядома
Сірыйскія паўстанцы ўзялі пад кантроль старажытны горад Пальміра, паведаміла турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu. Войскі Башара Асада спрабавалі аказаць супраціў апазіцыі, аднак іх сіл аказалася недастаткова, адзначае агенцтва.
Фота: AP Photo/Omar Albam
Крыніцы тэлеканала Al Jazeera сцвярджаюць, што сірыйская армія пакінула і сваю найбуйнейшую авіябазу — Т-4, размешчаную непадалёк ад Пальміры.
Цяпер паўстанцы падышлі да Хомса — ключавога горада, ад якога залежыць сувязь Дамаска з узбярэжжам Міжземнага мора. Страта Хомса, дзе жыве каля 800 тысяч чалавек, адрэжа ўрадавыя сілы ад прыбярэжнага рэгіёну, дзе размешчаныя расійскія базы ў Тартусе і Хмейміме.
Агенцтва Reuters адзначае, што ўрадавыя войскі цяпер сканцэнтраваныя на абароне Хомса, куды і сцягваюць сілы з іншых раёнаў і вакол якога наносяць авіяўдары.
Паводле даных The New York Times, якая спасылаецца на крыніцы сярод іранскіх і рэгіянальных чыноўнікаў, пасольства Ірана ў Дамаску і кіраўніцтва падраздзялення Корпуса вартавых іранскай рэвалюцыі «Аль-Кудс», які адказвае за знешнія аперацыі, пачалі эвакуацыю з Сірыі. Гэты крок можа сведчыць пра няздольнасць Ірана працягваць аказваць Асаду падтрымку, неабходную для ўтрымання ўлады, адзначае выданне.
На 20:00 паводле беларускага часу быў анансаваны зварот да нацыі прэзідэнта Сірыі Башара Асада, але ў апошні момант ягоная прэс-служба абвергла паведамленне, што такі зварот мае адбыцца. З'яўлялася інфармацыя, што нібыта з Дамаска ў бок краін Персідскага заліва вылятаў нейкі самалёт, але наяўнасць на яго борце Асада — пакуль толькі чуткі.
Тым часам The Wall Street Journal паведаміла са спасылкай на сірыйскіх сілавікоў і чыноўнікаў арабскіх краін, што жонка Башара Асада з трыма дзецьмі нібыта яшчэ на мінулым тыдні выехала ў Расію, а два зяці Асада — у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Бі-бі-сі ўдалося пацвердзіць сапраўднасць відэа, на якім людзі зносяць бюст Хафеза Асада, бацькі цяперашняга лідара, у прыгарадзе Дамаска. На іншых верыфікаваных відэа відаць, як людзі зрываюць вялікі сірыйскі сцяг у Муадаміі, размешчанай на поўдзень ад сталіцы. Гэтыя відэа, як лічыць выданне, могуць сведчыць пра поўны развал сістэмы дзяржаўнай бяспекі ў Сірыі.
Між тым Свабодная сірыйская армія — фармаванне, якое падтрымліваюць ЗША — увайшла ў прыгарад Дамаска Ірмін. Жыхары сустрэлі яе байцоў феерверкамі
ССА была сфармаваная сілавікамі, якія перайшлі на бок паўстанцаў у 2015 годзе.
Іншыя паўстанцы, што наступаюць з поўдня, з раёна Дэр’а, падышлі да дамаскай турмы ў прыгарадзе Сахная.
Паведамляецца таксама, што раней сёння ССА перарэзала трасу, якая вядзе з Дамаска да Хомса і ўзбярэжжа, дзе знаходзяцца расійскія вайсковыя базы і жывуць алавіты, да якіх належыць клан Асадаў. Паўстанцы выйшлі аж на мяжу з Ліванам.
У выпадку, калі гэта інфармацыя пацвердзіцца, гэта будзе азначаць фактычнае адразанне сталіцы Сірыі ад Хомса на поўначы, дзе яшчэ ідуць баі, і ад узбярэжжа Латакіі з расійскімі базамі на захадзе.
На гэтай карце чырвоным пазначаныя тэрыторыі, якія яшчэ нядаўна заставаліся пад кантролем вернай Башару Асаду сірыйскай арміі. Але сітуацыя хутка мяняецца
Чытайце таксама:
Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска
Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»
Сірыя: паўстанне цяпер і на поўдзень ад Дамаска, а сілы Асада пакінулі Пальміру
Дзве краіны прапанавалі Башару Асаду пакінуць Сірыю
Сірыйскія апазіцыйныя сілы захапілі Дэйр-эль-Зор на ўсходзе краіны
«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду
Як сірыйскія паўстанцы сталі дзейснай арміяй і як яны паставілі на паток выраб дронаў