БЕЛ Ł РУС

Турцыя дазналася пра планы сірыйскай апазіцыі зрынуць Асада за паўгода да наступу

9.12.2024 / 9:41

Nashaniva.com

Паўстанцы не маглі дзейнічаць, не папярэдзіўшы турэцкія ўлады, якія з самага пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі былі галоўнымі спонсарамі сірыйскай апазіцыі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота Paul Ellis Pool / Getty Images

Сірыйская апазіцыя, якая захапіла ўладу ў Дамаску, папярэдзіла Турцыю пра намер арганізаваць маштабны наступ за паўгода да яго пачатку, распавялі Reuters дзве дасведчаныя крыніцы.

З іх слоў, паўстанцы не маглі дзейнічаць, не паведаміўшы турэцкія ўлады, якія з самага пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі былі галоўнымі спонсарамі сірыйскай апазіцыі. Пры гэтым яны атрымалі ад Анкары маўклівую згоду на аперацыю, першай мэтай якой быў захоп другога па велічыні горада Сірыі — Алепа. Смелы план распрацавала групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) і яе лідар Абу Мухамед аль-Джулані, сцвярджае адзін з суразмоўцаў Reuters.

Да гэтага Турцыя, якая заключыла ў 2020 годзе пагадненне з Расіяй аб дээскалацыі баявых дзеянняў на паўночным захадзе Сірыі, выступала супраць маштабнага наступу паўстанцаў, баючыся, што гэта прывядзе да новай хвалі бежанцаў у рэгіёне.

Аднак, са слоў крыніц Reuters, у пачатку гэтага года сірыйская апазіцыя адчула ўзмацненне жорсткасці пазіцыі Анкары ў дачыненні да прэзідэнта Башара Асада.

Гэта адбылося пасля таго, як ён адхіліў спробы прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана знайсці палітычнае рашэнне ваеннага тупіка, у якім аказалася Сірыя.

Узброеная апазіцыя скарысталася гэтым і паказала турэцкім уладам свой план па звяржэнні Асада. Яны адзначылі, што шлях дыпламатыі «не працаваў гадамі», таму трэба паспрабаваць іншы падыход.

Як піша Reuters, іх пасланнем было: «Вам не трэба нічога рабіць, проста не ўмешвайцеся».

Чытайце таксама:

Асад быў здзіўлены, як дзейнічала яго армія

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?

Каментары да артыкула