БЕЛ Ł РУС

Фрыдрых Мерц: Мы змушаем Украіну ваяваць са звязанай рукой

9.12.2024 / 20:38

Nashaniva.com

Лідар Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі (ХДС) Фрыдрых Мерц, які пасля хуткіх парламенцкіх выбараў можа заняць пасаду германскага канцлера, падчас візіту ў Кіеў падвергнуў цяперашняга кіраўніка нямецкага ўрада Олафа Шольца крытыцы за нежаданне следам за ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй перадаць Украіне дальнабойную зброю.

Уладзімір Зяленскі з Фрыдрыхам Мерцам. Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky

«Мы хочам, каб ваша армія была здольная наносіць удары па вайсковых базах у Расіі. Не па цывільнаму насельніцтву, не па інфраструктуры, а па вайсковых аб'ектах, з якіх атакуюць вашу краіну», — сказаў Мерц прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.

Перад гэтым Шольц адмовіў Зяленскаму ў просьбе перадаць Украіне нямецкія крылатыя ракеты «Таўрус», выкарыстанне якіх, паводле ягоных слоў, прывядзе да непрымальнай рызыкі эскалацыі і можа быць інтэрпрэтавана як уступленне Германіі ў вайну.

«З такімі абмежаваннямі па далёкасці мы змушаем вашу краіну ваяваць (ва ўмовах), калі адна рука ў яе звязаная за спінай», — сказаў Мерц.

На гэты момант Германія займае другое пасля ЗША месца па аб'ёме фінансавай і вайсковай дапамогі Украіне і прымае больш украінскіх ваенных бежанцаў (больш за мільён), чым любая іншая краіна.

Блок ХДС/ХСС на чале з Фрыдрыхам Мерцам мае шанец зрушыць сацыял-дэмакрата Шольца на выбарах, якія пройдуць у Германіі 23 лютага. ХДС/ХСС у большасці апытанняў мае над сацыял-дэмакратамі перавагу больш чым у 10 працэнтных пунктаў.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Мы з Трампам гаварылі пра замарозку вайны

Кандыдат у канцлеры Германіі ад ХДС Фрыдрых Мерц прыбыў у Кіеў

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?

Патэнцыйны будучы канцлер Германіі прапануе паставіць Расіі ўльтыматум

Канцлер Германіі лічыць сваю палітыку ў дачыненні да паставак зброі Украіне правільнай. Але апазіцыя мае іншую думку

Каментары да артыкула