БЕЛ Ł РУС

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі

10.12.2024 / 22:6

Nashaniva.com

Мясцовае ЖЭУ сцвярджае, што дэратызацыя ў гэтым доме ўжо праведзеная. Аднак мясцовыя жыхары не бачаць вынікаў і баяцца заходзіць у пад'езд, дзе могуць напаткаць пацукоў, піша «Віцебская вясна». 

Пра выпадак, калі пацук у адным з пад'ездаў дома на Смаленскай вуліцы напалохаў дзіця, напісалі падпісчыкі пабліка «Нитипичный Витебск» у «ВКонтакте».

Яны паведамілі, што ў камунальную службу 115.бел падавалі заяўкі на дэратызацыю ўжо 4 разы. І штораз ЖЭУ №9 паведамляе заяўнікам, што меры па знішчэнні пацукоў і мышэй ужо прынятыя.

Не дачакаўшыся дапамогі ад адказных службаў, жыхары дома звярнуліся да старшыні гарвыканкама Аляксея Героева.

«У падвале дома №5 корпус 1 па Смаленскай вуліцы працягваецца нашэсце пацукоў, якія ствараюць пагрозы для бяспекі і здароўя людзей. Адмысловую трывогу выклікае той факт, што ў 4-м пад'ездзе неаднаразова фіксаваліся выпадкі нападу пацукоў на мясцовых жыхароў. Апошні інцыдэнт быў звязаны з пярэпалахам дзіцяці, што выклікала сур'ёзны стрэс. Цяпер яно баіцца заходзіць у пад'езд, і дарослыя жыхары ўвесь час адчуваюць небяспеку».

Заяўнікі падкрэсліваюць, што сумняюцца ў якасці выкананых работ і эфектыўнасці прынятых мер. Таму просяць, каб на ўзроўні гарвыканкама была праведзена праверка дзейнасці ЖЭУ № 9, каб было арганізавана паўторнае прафесійнае знішчэнне грызуноў, а санітарны стан дзевяціпавярховага дома быў пастаўлены на асобны кантроль — каб «аднавіць бяспеку і спакой» мясцовых жыхароў.

Чытайце таксама:

Некалькі дзён таму ў цэнтры Мінска заўважылі пацукоў. Цяпер ім шукаюць дом, бо могуць загінуць

У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА

У чатырох дамах Мінска ўвялі каранцін. Што такое?

Каментары да артыкула