БЕЛ Ł РУС

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі

10.12.2024 / 23:12

Nashaniva.com

Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у прапагандысцкім фільме на БТ расказаў, што ў Беларусі зняволеная вялікая колькасць замежных грамадзян, у тым ліку з Польшчы, краін Балтыі і іншых заходніх дзяржаў, за супрацоўніцтва са спецслужбамі замежных дзяржаў. Аднак на некага мяняць іх нібыта не плануюць.

Канстанцін Бычак. Скрыншот з відэа

«Гэтыя асобы асуджаныя за шпіянаж і агентурную дзейнасць, — адзначыў ён. — Іх вінаватасць устаноўленая прысудамі судоў на падставе неабвержных доказаў, у тым ліку і прызнальных паказанняў».

На КДБ нібыта рэгулярна выходзяць прадстаўнікі замежных спецслужбаў з прапановамі абмяняць гэтых асоб на грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў іх турмах:

«Пры гэтым для абмену яны прапануюць рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, махляроў, наркаманаў і іншых. У сувязі з гэтым афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем. Ні ў Польшчы, ні ў Прыбалтыцы, ні ў іншых краінах Захаду няма грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія супрацоўнічалі з КДБ, асуджаныя за гэта і адбываюць там пакаранне».

У гэтым жа самым фільме пра шпіёнаў, які выйшаў на БТ, расказалі, што Польшча нібыта спрабавалі завербаваць беларускага дыпламата. У ролі вярбоўшчыка выступаў польскі дыпламат Марцін Грабовіч, а справа адбывалася ў Кішынёве.

Беларускаму дыпламату Уладзіміру Марцін Грабовіч і яшчэ адзін паляк Павел Новак нібыта прапанавалі грошы за працу на польскія спецслужбы, але той адмовіўся ад супрацоўніцтва і нават зафіксаваў спробу вярбоўкі на аўдыё і відэа.

Канстанцін Бычак паабяцаў на гэта «адпаведную рэакцыю», а прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў пра гатоўнасць адпаведнай ноты і анансаваў «шэраг іншых крокаў».

Чытайце таксама:

У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу

«Неверагодна, што дзяржТБ можа так адкрыта хлусіць». Чалавек, якога БТ назвала куратарам японскага шпіёна, пракаментаваў сітуацыю

«Тэракт», за які асудзілі немца Крыгера, зладзілі беларускія сілавікі — версія Белпола

Каментары да артыкула