Вядомай блогерцы, памерлай ад раку, паставілі кранальны помнік
Надзея Мялешка — беларуская блогерка, на якую ў інстаграме былі падпісаныя больш за паўмільёна чалавек. Каля трох гадоў яна змагалася з анкалогіяй і прысвяціла той барацьбе кнігу. Але, на жаль, цуду не здарылася — летась Надзею пахавалі на мінскіх могілках Лясныя.
Надзея Мялешка. Фота з яе інстаграма
Надзея была замужам за экс-форвардам беларускай зборнай па хакеі і мінскага «Дынама» Дзмітрыем Мялешкам. Іх гісторыяй кахання і тым, як мужчына падтрымліваў жонку ў цяжкія моманты, многія захапляліся. У сям’і раслі два сыны.
У студзені 2020 года ў Надзеі Мялешкі выявілі рак грудзей на трэцяй стадыі. У ліпені таго ж года хвароба ў блогеркі перайшла ў стадыю рэмісіі. Але ў 2021-м рак вярнуўся, дактары знайшлі ў блогеркі метастазы ў печані.
У пошуках надзеі на выратаванне сям’я пераехала ў Германію. Блогерка запусціла дабрачынны фонд у падтрымку анкахворых. Яна таксама напісала кнігу, прысвечаную сваёй хваробе, — «Раніца надыходзіць заўсёды», патрымаць якую ў руках не паспела. Пасля публікацыі кніга хутка стала бэстсэлерам.
Надзею пахавалі вясной 2023 года на мінскіх могілках Лясныя. Праз некаторы час Дзмітрый Мялешка з сынамі вырашылі вярнуцца з Германіі і цяпер жывуць у Беларусі.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Відэа з помнікам на магіле Надзеі нядаўна апублікавала ў тыктоку фірма, якая, верагодна, яго рабіла на замову. На мармуры вырашылі выгравіраваць тую самую фразу, якая стала назвай кнігі блогеркі — «Раніца надыходзіць заўсёды».