Памёр Пятро Бурсевіч
15 снежня ў Слоніме памёр мясцовы мастак, педагог, паэт Пятро Бурсевіч, паведаміў у сацсетках вядомы слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын. Яму было 88 гадоў.
Пятро Бурсевіч
«Пятро Фёдаравіч жыў з жонкай на Чырвонаармейскай вуліцы ў Слоніме. За сваё жыццё слонімец не лез у вялікія мастакі і паэты. Ён быў сціплы і спакойны чалавек, працаваў, гадаваў дзяцей, займаўся хатняй гаспадаркай, а ў вольную хвіліну браўся за пэндзаль ці ручку і заўсёды маляваў, пісаў вершы. І вучыў іншых, здольных да мастацтва, працаваць з пэндзлем і алоўкам.
Мне заўсёды з ім было прыемна сустрэцца, пагутарыць, паўспамінаць тых слонімцаў, якія яшчэ нядаўна жылі побач, але адышлі ў іншы свет.
У 2020 годзе з друку выйшаў у Мінску яго вялікі альбом пад загалоўкам «Сцежкі-пуцявіны». Пад цвёрдай вокладкай на 165 старонках змешчаныя не толькі ілюстрацыі яго карцін, малюнкаў, але і вершы, апавяданні, публікацыі пра яго творчасць, згадкі ў СМІ і г.д.
Пазнаёміў мяне з Пятром Бурсевічам слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912-1999). Гэта Пятро Фёдаравіч некалі афармляў яго паэтычныя зборнікі вершаў «Травень» і «Прыдарожныя сосны». Гляджу сёння на вокладкі гэтых кніжак і сэрца замірае: дужа шчымлівымі, блізкімі сэрцу атрымаліся малюнкі на вокладках. Асабліва да зборніка «Прыдарожныя сосны», якія клічуць дадому, на Бацькаўшчыну, дзе нарадзіўся, дзе бегаў басанож, дзе, здаецца, шумяць гэтыя прыдарожныя сосны і сёння.
Пра мастацтва Пятро Фёдаравіч мог гутарыць бясконца. Ён заўсёды падкрэсліваў, што мастацтва — «гэта маё жыццё, маё захапленне».
«Малюю я алеем, алоўкам, акварэллю. Ніякія абстракцыі я не прызнаю. У мастацтве галоўнае для мяне — рэальнасць», — казаў мне заўсёды Пятро Фёдаравіч.
Усё, што бачыў, і ўсіх, хто жыў з ім побач, тых і маляваў слонімскі мастак, для іх і пісаў свае вершы», — напісаў Сяргей Чыгрын.
Чытайце таксама:
Памёр рэктар БелДУТ Юрый Кулажанка
Памёр Пётр Фідэрмак — славацкі святар, які прычыніўся да будаўніцтва нунцыятуры ў Мінску