БЕЛ Ł РУС

Дзесяць беларускіх банкаў паведамілі пра новаўвядзенні

28.12.2024 / 18:8

Nashaniva.com

Дзесяць банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі пра змены асобных правіл абслугоўвання і абяцаюць новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены выданнем «Позірк» маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Альфа Банк абнавіў праграму лаяльнасці «Альфа Бонус». Цяпер яе ўдзельнікам кожны месяц будуць прапаноўваць у мабільным банку INSNC персанальны набор катэгорый аперацый, з якіх можна выбраць «любімыя» — для налічэння павышаных акцыйных бонусаў.

Банк ВТБ (Беларусь) вызначыў памер камісіі за трансгранічныя пераводы ў інтэрнэт-банку і дадатку VTB mBank па нумары мабільнага тэлефона з выкарыстаннем сістэмы імгненных плацяжоў. Узнагароджанне за транзакцыі на рахункі фізічных асоб, адкрытых у банках-нерэзідэнтах, у беларускіх рублях складзе 1,5% сумы пераводу (не менш за 5 рублёў).

Банк «Дабрабыт» часова абмежаваў магчымасць здзяйсняць у вэб-версіі сэрвісу «Дабрабыт-анлайн» плацяжы і пераводы з раздзела «хуткія», а таксама пераводы на карткі кліентаў банка па нумары тэлефона. Гэтыя аперацыі даступныя ў інтэрнэт-банкінгу і мабільным дадатку банка.

Белаграпрамбанк папярэдзіў, што 30 і 31 снежня могуць быць змены ў рэжыме прыёму плацяжоў у кошт пагашэння запазычанасці па крэдытных дамовах фізічных асоб у касах і прыладах самаабслугоўвання банка, сістэме АРІП, інтэрнэт-банкінгу і мабільным банкінгу.

Белінвестбанк увёў камісію за рассылку інфармацыі ўладальнікам каштоўных папер па даручэнні эмітэнта. Узнагароджанне складзе 4,5 рубля за кожны ліст, да сумы дадаецца кошт паслугі «Белпошты» за перасылку, а таксама ПДВ (катэгорыя паштовага адпраўлення паказваецца эмітэнтам).

БНБ-Банк папоўніў партфель нацыянальных валют бразільскімі рэаламі, азербайджанскімі манатамі і кыргызскімі сомамі. Камісія за перавод у рэалах і сомах складзе 30 даляраў, манатах — 0,15% сумы (мінімум 36 даляраў, максімум — 166).

Неа Банк Азія разам з плацежнай сістэмай Visa зрабіў даступнымі для трымальнікаў банкаўскіх карт сэрвісы Samsung Pay, Swoo Pay і Garmin Pay.

Сбер Банк (Беларусь) працягвае дзеянне асабістых і заробкавых картаў узроўню Classic, Standard, Gold, Platinum, Infinite і Black Edition, а таксама картаў у рамках прадуктаў «КартаFUN» і «Fun Platinum», пакетаў паслуг «Ашчадбанк першы» і «Прэміум» у беларускіх рублях. Гаворка ідзе пра карты Visa і Mastercard, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў перыяд з 31 студзеня па 30 чэрвеня 2025 года (абазначэнне на карце з 01/25 па 06/25). Імі можна будзе карыстацца яшчэ два гады без фізічнага перавыпуску і звароту ў офіс банка. Працягванне распаўсюджваецца ў тым ліку на карткі, тэрмін дзеяння якіх раней ужо працягваўся.

СтатусБанк з 1 студзеня 2025 года будзе спаганяць камісію за зняцце наяўных грошай з картак у банкаматах БНБ-Банка — 3% сумы (мінімум 4 рублі). Без камісіі можна будзе здымаць грошы ў касах СтатусБанка, а таксама праз прылады Белгазпрамбанка і Белаграпрамбанка.

Тэхнабанк пачаў спаганяць камісію за перавод сродкаў за межы банка на падставе плацежнага даручэння кліента, плацежнага патрабавання ў турэцкіх лірах — 1,7% сумы (мінімум 150 еўра).

Па стане на 1 лістапада 2024 года ў Беларусі зарэгістравана 22 банкі (адзін з іх — Дэльта Банк — знаходзіцца ў стадыі банкруцтва).

Чытайце таксама:

Што цяпер разумней — траціць ці ашчаджаць? Адказвае эканаміст

Нацбанк выпусціць памятныя манеты да 200-годдзя Аўгустоўскага канала

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Стала вядома, за колькі прадалі банк БТА Беларусь

Стала вядома, за колькі прадалі банк БТА Беларусь

Каментары да артыкула