На вайне ва Украіне загінуў былы футбаліст зборнай Расіі
Аляксей Бугаеў, які быў раней асуджаны да 9,5 гадоў па справе аб наркотыках, пайшоў ваяваць пасля абвяшчэння прысуду.
Пра яго гібель паведаміў спартыўны юрыст Антон Смірноў, піша тэлеграм-канал Baza
Бугаеў гуляў за маскоўскія клубы «Тарпеда», «Лакаматыў» і «Краснадар». На яго рахунку сем матчаў за зборную Расіі, у тым ліку два выступленні на чэмпіянаце Еўропы 2004 года. Футбольную кар’еру ён завяршыў у 2010 годзе ва ўзросце 29 гадоў.
42-гадовага Бугаева затрымалі ў кастрычніку 2023 года на вуліцы ў Краснадары. У ягонай кішэні знайшлі пакет з парашкападобным рэчывам. Экспертыза паказала, што гэта вытворнае ад метылэфедрону (больш вядомага як мефедрон).
Па версіі следства, Бугаеў планаваў займацца перапродажам гэтых наркотыкаў. Аднак у сваіх паказаннях былы спартсмен сцвярджаў, што не збіраўся распаўсюджваць наркотыкі, а хацеў дапамагчы паліцыі выкрыць людзей, якія прапанавалі яму займацца гэтым.
Аднак пасля таго, як яго паказанні былі агучаны на судовым пасяджэнні, Бугаеў цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.
Суд улічыў у якасці змякчальных абставін наяўнасць дзіцяці, раскаянне, а таксама шматлікія ўзнагароды за спартыўныя дасягненні і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 9 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.