БЕЛ Ł РУС

Колькі беларусаў падтрымлівае Расію ў вайне? Вынікі новага апытання

17.01.2025 / 18:50

Nashaniva.com

Сацыёлагі паказалі таксама, ці змянілася меркаванне грамадства па гэтым пытанні за тры гады вайны.

Эксперты Chatham House прадставілі новае даследаванне. Сярод пытанняў — як людзі ставяцца да вайны Расіі ва Украіне.

Апытанне, пра якое ідзе гаворка, праходзіла ў снежні 2024-га — студзені 2025-га, у ім паўдзельнічалі 833 беларусы. Аўтары даследавання прызнаюць, што вынікі такіх апытанняў у Беларусі могуць быць скажоныя праз фактар страху — частка рэспандэнтаў асцерагаецца выказваць крытычныя думкі наконт улады. Але, упэўненыя аўтары, фактар страху не будзе кардынальна скажаць вынікі апытання.

Пытанне пра вайну гучала так: «Вы падтрымліваеце ці не падтрымліваеце ваенныя дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны?»

Вынікі паказваюць, што ў грамадстве захоўваюцца антываенныя настроі. Цалкам ці часткова Расію ў вайне падтрымлівае 32% апытаных, не падтрымлівае 40%. Амаль траціна — 29% — абрала варыянт «цяжка адказаць». Гэта можа азначаць, што вялікая доля апытаных з меркаванняў бяспекі абірае не адказваць на такое пытанне.

За тры гады вайны, згодна з апытаннямі Chatham House, меркаванне беларусаў па гэтым пытанні амаль не змянілася.

Чытайце таксама:

Сацыёлагі: Нават праўладныя беларусы не супраць «адлігі», траціна з іх — за вызваленне палітвязняў

Каментары да артыкула