БЕЛ Ł РУС

У Вільні на ЕГУ зноў з'явіўся правакацыйны надпіс

19.01.2025 / 15:27

Nashaniva.com

Гэта чарговы інцыдэнт такога толку. Вінаватых у ранейшых дагэтуль не знайшлі.

На будынку ЕГУ невядомы чырвонай фарбай напісаў «Беларускім універсітэтам можа кіраваць толькі беларус!» і «Вільня наша!»

«У надпісы заўважна, што ў слове «толькі» замест «і» спачатку была напісана «о», а ў слове «кіраваць» пяцелька ў літары «ц» выглядае як пяцелька ў літоўскай «ų», — расказаў «Нашай Ніве» чытач. 

Акрамя таго, заўважна, што аўтар надпісу не ведае, як пісаць кірылічную літару «б», якой няма ў літоўскай мове — аўтар піша яе як лічбу «6».

Пераносы і прабелы таксама зроблены так, быццам чалавек не разумее сэнсу слоў, якія піша. 

У Вільні рэгулярна на беларускіх установах з'яўляюцца правакацыйныя антыбеларускія і антылітоўскія надпісы.

Напрыклад, 5 лістапада летась апаганілі дзверы беларускай установы «Карчма 1863», а ноччу 26 кастрычніка быў падпал дзвярэй Беларускага дома. Таксама акты вандалізму ўчыняліся супраць крамы «Кропка», якую трымае былы палітвязень з Беларусі, і капліцы беларускай праваслаўнай парафіі Канстанцінопальскага патрыярхата, каля офіса «Дапамогі» і на сцяне каля ЕГУ. Таксама нядаўна была апаганеная магіла каліноўца Аляксандра Царука на віленскіх могілках.

Почыркі некаторых надпісаў падаюцца падобнымі. 

Паліцыя так нікога і не знайшла. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула