БЕЛ Ł РУС

Азаронак расказаў, як чалавека, які штурхануў яго маці-кандуктарку ў аўтобусе, адправілі ў ізалятар

20.01.2025 / 13:35

Nashaniva.com

Прапагандыст расказаў болей пра сваю маці і пра тое, што да 27 гадоў жыў з бацькамі, бо заробку на здымную кватэру не хапала.

Рыгор Азаронак. Скрын відэа: sobchak / YouTube

Бацька Рыгора Азаронка — Юрый Азаронак — быў адным з самых адыёзных прапагандыстаў БТ. Пра маці ж было вядома толькі тое, што яна працуе кандуктаркай у грамадскім транспарце.

У інтэрв'ю Ксеніі Сабчак Азаронак расказаў пра маці болей. Яна ўсё жыццё адпрацавала на Камароўскім рынку, а на пенсіі, каб не сумаваць, пайшла кантралёрам-кандуктарам.

Аднойчы ў аўтобусе чалавек пазнаў яе прозвішча на бэйджыку і, расказвае Азаронак, піхнуў яе.

«Яна ў шоку пазваніла мне. Я, па-мойму, нейкую нататку ціснуў у тэлеграм-канал. А далей паехаў туды, на месца. Разбірацца. (…) Потым па камерах у аўтобусе вылічылі, знайшлі. Усё, як паложана па працэдуры», — прыгадаў акалічнасці Азаронак.

Таго чалавека з аўтобуса пасадзілі ў следчы ізалятар. Гісторыя дайшла да Лукашэнкі.

«Ну і адпаведна, прэзідэнт тады сказаў: «Вось няхай ён з маці пойдзе туды ў ізалятар. Калі яны яго прабачаць, то тады чалавека прабачаць, адпусцяць. (Атрымаў, нейкія суткі па-мінімуму). Калі не прабачаць, паедзе на поўную катушку». Прэзідэнт, па-мойму, пра гэта расказваў.

І сапраўды, я тады сустракаўся з міністрам унутраных спраў, з прэс-сакратаром прэзідэнта. З маёй маці сустрэліся ў адной з устаноў, абгаварылі. Мы яго прабачылі, і адпаведна, з чалавекам… Не ведаю, што далей было. Але. Значыць усё добра», — расказаў прапагандыст.

Па словах Азаронка, Лукашэнка тады сказаў яму, што дарэмна прабачыў.

«Вось, здзейсніў памылку. Далей я гэтую памылку выпраўляю. І спраўна пішу, калі знаходзяць нейкіх людзей, якіх бяруць за знявагу, размяшчэнне маіх асабістых звестак, фатаграфаванне мяне, яшчэ нечага. То спраўна пішу заяву. І яны адпраўляюцца асвойваць новую прафесію».

Азаронак расказаў таксама, што да 27 гадоў жыў з бацькамі. З'ехаў ён ад іх у 2021-22 годзе. Раней заробку СТБ не хапала, каб здымаць кватэру.

Чытайце таксама:

Папулярны расійскі Z-канал выказаў сумневы ў псіхічным здароўі Азаронка

«Даляраў столькі, што хоць печку імі палі». Азаронак на камеру спаліў купюру ў 1 даляр

Азаронак расказаў, як у пачатку вайны прысутнічаў на закрытай нарадзе Рады бяспекі

Каментары да артыкула