Круты адкрыў у Вілейцы вытворчасць сыру з белай цвіллю
20.01.2025 / 18:41
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой 20 студзеня паехаў у Вілейку, дзе адкрыў цэх па вытворчасці сыру з белай цвіллю, які, паводле ягонай ацэнкі, «не саступае ні расійскім, ні французскім аналагам».
Вытворчасць прадукту наладзілі на ўчастку ААТ «Мінскі малочны завод №1» у Вілейцы ў рамках інвестыцыйнай праграмы «Адзін раён — адзін праект».
Дзмітрый Круты ад таго, што атрымалася, у захапленні:
«Калі казаць пра сыр, то кухары, якія ўжо з ім пазнаёміліся і пачалі працаваць, кажуць, што ён нічым не саступае ні расійскім, ні французскім аналагам. Самае сучаснае абсталяванне, найлепшыя тэхналогіі, на адпрацоўку якіх пайшло шмат месяцаў. Але канчатковы прадукт дазваляе казаць, што намаганні спецыялістаў акупіліся цалкам і ў рэспубліцы з'явіліся новыя кампетэнцыі».
Прытым праз некалькі дзён холдынг «Першы малочны» нібыта мае адкрыць і вытворчасць сыру з блакітнай цвіллю.
Паразважаў пры гэтай нагодзе чыноўнік і пра цэны:
«Класічны сыр з белай цвіллю ў свеце ў сярэднім каштуе ў дыяпазоне 2 еўра. Упакоўка 200-250 г на нашых паліцах каштуе даражэй амаль у два разы, але прадпрыемства абяцае, што па цане атрымаецца нават танней за тыя прадукты, якія на сённяшні дзень імпартуюцца».
Самім жа работнікам, якія будуць варыць сыр, абяцаюць заробак у 2,5—3 тысячы рублёў, што «нават па мерках сталіцы і нашых абласных цэнтраў нядрэнна».