БЕЛ Ł РУС

«Узровень агітацыі ніякі». Дзяржаўная служачая расказала пра атмасферу напярэдадні выбараў

20.01.2025 / 22:12

Nashaniva.com

Жыхарка Гомельскай вобласці, якая працуе ў дзяржсектары, падзялілася з выданнем «Флагшток» уражаннямі пра сітуацыю напярэдадні выбараў 26 студзеня.

Ілюстрацыйнае фота газеты «Светлае жыццё»

21 студзеня пачынаецца датэрміновае галасаванне, а да гэтага чыноўнікі, прапагандысты і праўладныя актывісты праводзілі агітацыю, у тым ліку ў працоўных калектывах: пераконвалі прыйсці на ўчасткі і зрабіць «правільны выбар».

«У нашым выканкаме мерапрыемствы праводзіліся дробныя. Напрыклад, рабілі нейкі сход з падарункамі ў чырвона-зялёнай палітры для «актывістаў». Але астатнія над імі пасмяяліся. Такіх сходаў, як, напрыклад, у 2020-м, калі зганялі ўсе структуры на «размовы з дэпутатамі» і кіраўнікамі розных ведамстваў, не было. Усё пакуль без ціску. Хутчэй за ўсё, перад самымі «выбарамі» ўсіх сілай пагоняць», — расказала Людміла (імя ў мэтах бяспекі зменена).

У той жа час суразмоўца адзначае, што ўлады могуць і гэтага не зрабіць, улічваючы «ўзровень пафігізму», які характарызуе цяперашнюю кампанію:

«Магчыма, абмяжуюцца толькі чуткамі, што звольняць усіх, хто не прагаласуе. Ужо звальнялі за апошні «рэферэндум», таму думаю, што людзі самі строем пойдуць. Але ў цэлым узровень агітацыі ніякі. Яны нават і выгляд сапраўдных выбараў імітаваць не імкнуцца».

Пры гэтым фармальнасці выконваюцца: знаёмы суразмоўцы, сябра ўчастковай камісіі, «кожны дзень там тырчыць»:

«Насамрэч спісы правяраюць, запрашэнні пішуць. Мне прыйшло таксама, і ўвесь пад'езд людзі імі закідалі. Яшчэ розныя плакаты, банеры і іншае развешвалі, але гэта нават у вочы не кідаецца».

Людміла падсумавала, што ўлады «забілі болт» на агітацыю, і «людзі таксама болт забілі, разумеючы, што пакуль не час для актыўнасці».

Па выніках кампаніі яна чакае дэманстрацыі «рэкордных паказчыкаў» — празмерна завышаных працэнтаў тых, хто нібыта прагаласаваў за Лукашэнку.

Ілюстрацыйнае фота газеты «Народны голас»

Чытайце таксама:

Перад выбарамі на 10% павысяць пенсіі 

Назіраць за выбарамі ў Беларусь прыедзе швейцарац, якога на радзіме судзілі за фальсіфікацыю выбараў

«Не кантачце з экстрэмістамі». Як людзі праходзяць праз перадвыбарчыя праверкі сілавікоў

Міліцыя ў Гомельскай вобласці стала хадзіць па кватэрах украінцаў

У Мазыры на час «выбараў» ізалявалі праваабаронцу Уладзіміра Целепуна 

Праўладны «марафон адзінства» скончыцца перадвыбарчым канцэртам на «Мінск-Арэне»

Каментары да артыкула