«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў
Ён таксама адзначыў, што студэнты «актыўна ўдзельнічаюць у датэрміновым галасаванні».
Фота: Мінадукацыі
Міністр адукацыі Андрэй Іванец пракаментаваў удзел студэнтаў у датэрміновым галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.
Галасуючы датэрмінова, кіраўнік Міністэрства адукацыі адзначыў, што гэта яго асабістая традыцыя: «Потым у выхадныя можна спакойна правесці час з сям’ёй, прысвяціць яго працы і асабістым справам».
Ён таксама адзначыў, што студэнты актыўна ўдзельнічаюць у датэрміновым галасаванні. На дадзены момант у многіх студэнтаў праходзіць сесія, і не ўсе могуць паехаць дадому, каб прагаласаваць. Таму для студэнтаў стварылі неабходныя ўмовы, каб тыя, хто пражывае ў інтэрнатах, маглі спакойна прагаласаваць у зручны час, як датэрмінова, так і ў дзень выбараў.
«Сучасная моладзь актыўна ўключана ў грамадскае жыццё», — падсумаваў міністр.